Актывістка Вольга Нікалайчык атрымала пратакол па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі ўшанавання памяці героеў і ахвяраў Другой сусветнай вайны, якая прайшла восьмага траўня на Вайсковых могілках у Мінску.
Заўтра, 22 траўня, у 12.00 у судзе Савецкага раёна адбудзецца судовае паседжанне па яе адміністрацыйнай справе, паведамляе Вольга ў сваім Facebook.
У пратаколе, які склаў старэйшы інспектар Савецкага РУУС Віталь Тарлюк, напісана, што актывістка парушыла парадак правядзення мітынгу, бо з'яўлялася ўдзельніцай збору на Вайсковых могілках каля помніка савецкім салдатам без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкаму. Паводле пратакола, Нікалайчык "публічна выказвала сваё стаўленне і грамадска-палітычны настрой да святкавання Дня перамогі, пры гэтым трымала ў руках бел-чырвона-белы сцяг".
Сама актывістка кажа, што ўдзельнічала ў акцыі, каб ушанаваць памяць сваёго дзеда, які загінуў падчас Другой сусветанй вайны.
Па дадзеных праваабаронцаў, з пачатку 2019 года Вольга Нікалайчык ужо чатыры разы была пакараная адміністрацыйнымі штрафамі на агульную суму ў 4080 рублёў (160 базавых адзінак). Усе суды датычыліся ўдзелу актывісткі ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, а таксама заклікаў да аднаго з іх.
Восьмага траўня на Вайсковых могілках актывісты Руху салідарнасці “Разам” і Народнай Грамады правялі акцыю ўшанавання памяці героеў і ахвяраў Другой сусветнай вайны. Акцыя прайшла пад бел-чырвона-белымі сцягамі на месцы пахавання савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі пры вызваленні Мінска ў 1944 годзе.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Вольгу Нікалайчык чакае суд за ўшанаванне памяці ахвяр Другой сусветнай вайны