Ала Галушка. Фота – oobsg.by Магілёўскія палітыкі Уладзімір Шанцаў і Алег Аксёнаў атрымалі чарговую адмову на правядзенне масавага мерапрыемства ў Магілёве ў дазволеным для гэтага месцы, паведамляе mspring.online.

24 траўня яны збіраліся зладзіць пікет за адстаўку галоўнага ідэолага горада, намесніцы старшыні гарвыканкама Алы Галушкі, якая раней рэгулярна адмаўляла ім у правядзенні мірных сходаў.

У гэты раз Ала Галушка, якая і дала адказ арганізатарам пікету, заявіла, што «прызначэнне і вызваленне грамадзян Рэспублікі Беларусь на дзяржаўныя пасады… не з’яўляецца грамадска-палітычнымі інтарэсамі па якіх-небудзь праблемах».

Са слоў чыноўніцы, вызваліць ад пасады, згодна з заканадаўствам, яе можа толькі старшыня Магілёўскага гарвыканкама. Акрамя таго, яна можа сама ініцыяваць сваю адстаўку «пры наяўнасці ўстаноўленых заканадаўствам падстаў». Відавочна, што пакуль яна гэтага рабіць не збіраецца. 

 

Гэта ўжо трэцяя адмова Алы Галушкі ў дачыненні да пікетаў Шанцава і Аксёнава. Раней палітыкі збіраліся зладзіць масавае мерапрыемства з патрабаваннем перанесці завод «Омск Карбон Магілёў» на малую радзіму прэзідэнта.

Пасля таго, як улады ў асобе Алы Галушкі адмовілі ім, яны вырашылі правесці пікет за адстаўку чыноўніцы, але яго не ўзгаднілі па фармальных прычынах.

Крыніца: Галоўны ідэолаг Магілёва знайшла новую прычыну, каб не дазволіць пікет супраць сябе