Суд Цэнтральнага раёна Гомеля спыніў адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. Пра гэта 20 траўня «Гомельскай Вясне» паведаміў сам Маркоўскі.
Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што яшчэ ўвосень мінулага года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» ён падзяліўся публікацыяй «Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў». А ў пачатку сакавіка на яго склалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).
Пасля першага разгляду ў красавіку гэтага года пратакол адправілі на дапрацоўку, а цяпер і зусім спынілі справу.
На думку гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм».
«Бяруць сацыяльную сетку, любую суполку, якая крытыкуе ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. У нас кожны, хто не згодны з уладай - ужо экстрэміст. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд інфармацыі, то павінна быць тлумачэнне - якую мэту пераследуе дадзенае абмежаванне», - пракаментаваў сітуацыю Судаленка.
Нагадаем, згодна з ч.2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічынь або нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Крыніца: У Гомелі спынена экстрэмісцкая справа супраць Пятра Маркоўскага