Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, 17 траўня суд Ленінскага раёна прызнаў Ірыну Сіліцкую вінаватай па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваў на пяць базавых велічынь (127,5 рубля) за ўдзел у шэсці праціўнікаў акумулятарнага завода па цэнтральных вуліцах горада 7 красавіка. Праваабаронца нагадаў, што 11 траўня гэтым жа судом за ўдзел у такім шэсці быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь (1.020 рублёў) адзін з лідараў ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, Дзмітрый Бекалюк.
У красавіку таксама па арт. 23.34 КаАП былі аштрафаваныя 16 актывістаў: дзесяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, пяць — за ўдзел у аналагічным шэсці 14 красавіка, адна актывістка — за раздачу жоўтых надзіманых шароў 31 сакавіка на плошчы Леніна.
„Такімі рэпрэсіямі ўлады змагаюцца з пратэстам супраць гэтага завода”, — заявіў Кісляк. Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 121 мітынгу, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек. Судовы канвеер працягнецца 20 траўня. Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", у гэты дзень у судзе Брэсцкага раёна прызначаны разгляд справы Людмілы Карчэўскай, былой настаўніцы, 22 траўня гэты ж суд разгледзіць справу Аляксандра Марачэўскага. А 24 траўня - Віктара Ярмоленкі, лекара з 40 гадовым стажам, Паўла Кескевіча і Віктара Мігалюка.
Усе яны прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП за удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах скіраваных супраць завода АКБ.
Крыніца: Улады Берасця намагаюцца спыніць пратэстную хвалю супраць будаўніцтва завода АКБ судамі і штрафамі