У палове шостай раніцы мы прачнуліся ад трэску і кананады за вакном гатэлю, на 21-м паверсе. Ляжым у ложках і мяркуем праз сон: ці то салют, ці то страляюць. Удзень Ю… сказала, што быў салют у недалёкай рэзідэнцыі Кадырава. 20 лістапада сьвяткуецца дзень ці то мяркуемых народзінаў, ці то сьмерці прарока Магамеда.
Едзем у суд такой жа кампаніяй як і ўчора. Я паказваю Ганнушкінай здымак у чачэнскай папасе. Сьмяюся: купіў бы, але ж дзе яе насіць, хіба што ў Маскве, дык будуць спыняць на кожнай вуліцы.
Ганнушкіна адказвае: зараз ужо – не. Падчас першай чачэнскай вайны ў Маскве была аблава на чачэнцаў. Мы ідзем з вядомым адвакатам Абдулой. Яго спыняюць. Я пытаюся: “А чаму вы яго спынілі? Як вылічылі?”
Міліцыянты кажуць: “Дык хто яшчэ ў Маскве можа хадзіць у скураных начышчаных туфлях, як не чачэнцы…”
Затым яна памаўчала і дадала, што Абдула Хамзаеў быў адвакатам па справе Буданава. (Калі хто ня ведае, гэта справа камандзіра танкавага палка Юрыя Буданава, па загаду якога ў 2000 годзе ў Чачні была скрадзеная васемнаццацігадовая чачэнская дзяўчына Эльза Кугаева. Палкоўнік расійскай арміі Юры Буданаў згвалтаваў, а потым задушыў яе).
Спачатку ў Абдулы быў першы інфаркт, Абдула працягваў працаваць па справе, затым другі. Пасьля ягонай сьмерці яго замяніў Станіслаў Маркелаў.
Дзіўная чарада сьмерцяў была звязаная з гэтай ганебнай справай. У 2009 годзе ў Маскве быў забіты адвакат Станіслаў Маркелаў. Юрый Буданаў адсядзеў восем гадоў у турме, выйшаў на волю і быў застрэлены ў 2011 годзе ўсё ў той жа Маскве. Ягоны мяркуемы забойца Юсуп Цемірханаў адсядзеў з пятнаццаці вызначаных яму пяць гадоў і ў жніўні 2018 года, за тры месяцы перад нашай паездкай, памёр у турэмнай бальнічцы.
Цяжка чачэцам сядзець у расійскіх турмах. Багата хто з турэмнай адміністрацыі некалі служыў у федэральных войсках у Чачні. Шмат зь чачэнскіх вязьняў не дажываюць да канца тэрміну. Вось так, думаю я, адная сьмерць пацягнула другую, а тая – трэцюю, і такое адчуваньне, што гэтай помсьце, ланцугу наканаваных сьмерцяў ня будзе канца.
Мы едзем далей. На кожным скрыжаваньні стаяць федэралы, нам насустрач праехаў бронетранспарцёр. Жанчыны размаўляюць пра Ксенію Сабчак. Ганнушкіна: “У мае межы кампрамісу Ксенія Анатольеўна не ўкладаецца катэгарычна. І потым – гэты Дом-2…”
“Дык яна ж пакаялася”, – гаворыць пасьміхаючыся Ю...
“Лепш бы яна была прастытуткай ды пакаялася. Я б ёй даравала. Калі б яна была “мамашай” у бардэлі – я б ёй даравала”. А за Дом-2 – не, – адказвае Ганнушкіна, – і з Сяргеем Кавалёвым яна брыдка паступіла”.
“А што там было?” – цікаўлюся я.
“Зайшла да Кавалёва паразмаўляць. Папрасіла дазволу на здымкі. Той забараніў. Толькі яна выйшла, заходзіць здымачная група. Той адмовіць ня здолеў, потым моцна перажываў”.
Сяргею Кавалёву ўжо 87 гадоў, думаю я. Ня дзіва, што Ксенія Сабчак скарыстала яго. Сустрэчы зь ім заўсёды прыемныя для мяне. Беларус па бацьку, Сяргей Кавалёў быў асуджаны за праваабарончую дзейнасьць. Калі яго судзілі ў Вільнюсе ў сьнежні 1975 года на прысуд прыяжджаў Андрэй Сахараў. І там Сахараў даведаўся, што яму далі Нобелеўскую прэмію міра. А Сяргею Кавалёву за “антысавецкую агітацыю і прапаганду” далі сем гадоў калоніі. Сяргей Кавалёў быў першым расійскім амбудсмэнам, сядзеў у Грозным, у падвале прэзідэнцкага палацу пры штурме горада расійскімі войскамі ў 1994 годзе, вёў перамовы з Шамілем Басаевым па вызваленьні закладнікаў у Будзёнаўску, спрычыніўся да заканчэньня першай чачэнскай вайны, за што яго Дума і пазбавіла пасады амбудсмэна. Сяргей Кавалёў моцна не пераймаўся, мабыць ужо адчуваў, што нічога да лепшага ўжо зьмяніць ня можа, апроч каб праз маўклівую згоду з уладамі, самому ня ўпэцкацца ў расійскую палітычную рэчаіснасьць.
Праз тры гады пасля першай чачнскай вайны расійскія войскі вярнуліся ў Чачню. 7 жніўня 1999 года чачэнскія аддзелы на чале зь некіруемым Басаевым з Чачні ўвайшлі ў Дагестан. Хутчэй за ўсё гэта была шматхадоўка ФСБ. Тады ж у верасьні ў Расіі адбыліся дзіўныя падрывы жылых дамоў, віну за якія таксама ўсклалі на чачэнскіх баявікоў. І за гэтымі тэрактамі таксама цягнецца брудны шлейф расійскіх спецслужбаў.
9 жніўня Ельцын прызначыў Пуціна прэм’ер-міністрам Расіі. Распачалася другая чачэнская вайна. Як казаў у 1904 годзе расійскі міністр унутраных спраў Вячаслаў Плеве, “каб утрымаць рэвалюцыю нам патрэбна “маленькая победоносная война”, маючы на ўвазе расійска-японскую вайну 1905 года. Вось так і Уладзіміру Пуціну, каб у 2000 годзе з трыумфам заняць пасьля Ельцына прэзідэнцкі пасад, спатрэбілася “маленькая пераможная вайна” з Чачнёй. Супраць чачэнцаў з стралковай зброяй у ход ішлі расійскія ракеты і вакуумныя бомбы. Як яшчэ тады расіяне ня скінулі на Чачню ядзерную бомбу, думаю я. А калі прыперла б, дык змаглі б.
Пуцін і гексаген. Гэты гексаген застаўся і ў гісторыі нашага Праваабарончага цэнтру “Вясна”. У 2000-м годзе мы здымалі пад офіс кватэру на вуліцы Кісялёва, недалёка ад Круглай плошчы. Нашыя дзяўчыны зьбіралі для кнігі пра трагедыю на Нямізе сьведчаньні пра пацярпелых у той даўцы ў метро 30 траўня 1999 года, калі загінула пяцьдзесят тры чалавекі. Увечары ўжо сабраліся сваякі загінулых, яны сядзелі, размаўлялі, калі ў дзьверы пазванілі, і не пасьпела “вясноўка” Паліна Сьцепаненка адчыніць, як да нас у офіс уляцеў цэлы натоўп міліцыянтаў. Ня ведаю што і каго яны шукалі, але яны самі зьніякавелі, калі даведаліся, што ў пакоі сядзелі бацькі дзяцей, якіх яны ня здолелі выратаваць у метро на Нямізе. Ня тых яны спадзяваліся знайсьці. Тады міліцыянты хутка сыйшлі, прыхапіўшы з сабой нашых два кампутары і стос бюлетэняў “Права на волю”, маўляў, прайшоў агляд. А на пытаньне, а чаго вы сюды ўламіліся, яны адбрахаліся, сказалі, што ім ананімна патэлефанавалі і паведамілі, што ў кватэры ляжыць гексаген…
Апошні раз мы сустракаліся з Сяргеем Кавалёвым пару гадоў таму на форуме ў Варшаве. Ён выступаў, нясьпешна чытаў па паперцы свой выступ. Жьцьцё падыходзіць да закату, а праблемы застаюцца ўсё тыя ж, толькі на іншым узроўні.
Гэтак за год перад цяперашняй паездкаю ў Чачню, у лістападзе 2017-га, у кіеўскім Барыспалі, дзе я чакаў на перасадку, дабіраючыся зь Бішкеку ў Менск, сустрэў я Мустафу Джамілева, лідэра крымска-татарскага нацыянальнага руху, які яшчэ за саветамі, дабіваючыся вяртаньня свайго народу ў Крым, адсядзеў па турмах і ссылках пятнаццаць гадоў. Я ішоў на пасадку да сваёй брамкі, ён таксама некуды ляцеў і ішоў да сваёй. Мы проста сутыкнуліся зь ім твар у твар.
Мы пазналі адзін аднаго, бо сустракаліся на розных замежных спатканьнях, і калі я сядзеў у турме, дык Мустафа быў адным з пяці ўкраінскіх дэпутатаў парламенту, якія ў 2012 годзе вылучалі мяне на нобелеўскую прэмію міру. Мы павіталіся. Мустафа стрымана пасьміхнуўся. “Як у вас справы?” – задаў я банальнае пытаньне. Мустафа паглядзеў на мяне разумнымі стомленымі вачыма і стрымана махнуў рукой. Я толькі ўздыхнуў пра сябе. Якія ў Мустафы маглі быць навіны, апроч паганых і зусім паганых.
Усё жыцьцё змагацца за вяртаньне народу на радзіму, і зноў апынуцца ў сітуацыі, калі табе забараняюць туды прыехаць. Як у свой час ў СССР у 83-м яго гвалтам выкідалі з Крыму, бо крымскім татарам нельга было там сяліцца і жыць. Вось жа зараз Мустафе, як украінскаму грамадзяніну, расіяне забаранілі ўезд у Крым на пяць гадоў. Ізноў у Крым вярнулася расійская ўлада, якая сотні гадоў зьнішчала крымскіх татар. Ізноў вярнуліся забойствы актывістаў, турмы, страх, забарона жыць на радзіме. І ўсё гэта напрыканцы яго жыцьця, як страшны сон. Не хацеў бы я апынуцца на ягоным месцы. Мы разьвіталіся з Мустафой і кожны панёс далей сваю жыцьцёвую ношку.
Чытайце таксама:
ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам
III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў
IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк
V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці
VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі
VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы
VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”
IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь
XI. Суд у Шалі. Чачня – гэта Еўропа
XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе
ХІІІ. Аюб распавядае пра свой арышт і пра тое, як “сьведка”-наркаман не пазнаў яго на апазнаньні
XIV. Вяртаньне з Шалі ў Грозны. Маскоўская палітыка
Алесь Бяляцкі
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў