16 траўня каля 21-й гадзіны вечара ў раёнах Чапаеўка і Грынёва ў Магілёве міліцыя правяла рэйды ў дамах мясцовых цыганоў. Гэта адбылося пасля выкрадання інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча вечарам 16 мая, якога потым знайшлі забітым у лесе.
Па словах мясцовых жыхароў, з якімі пагутарылі карэспандэнты Радыё Свабода, цяпер пад вартай знаходзяцца амаль усе мужчыны. Затрыманні нібыта зьвязаныя з учорашнім выкраданнем і забойствам міліцыянта.
«Мы ад міліцыі і даведаліся, што ў горадзе забілі міліцыянта», — кажа пажылая цыганка, чыйго сына і ўнукаў затрымалі ўчора ўвечары. Сваё імя яна баіцца называць.
Учора ўвечары яна была ў гасцях, калі міліцыя ў масках і са зброяй уварвалася ў дом і паклала ўсіх на падлогу тварам да зямлі. У тым ліку жанчын.
Па словах гэтай жанчыны і яе суседак, міліцыянты ўчора прыйшлі выключна ў хаты цыганоў у раёнах Чапаеўка і Грынёўка. Частку жанчын таксама затрымалі, і яны правялі ноч у міліцыі. Потым жанчын адпусцілі, а каля 30-40 мужчын дагэтуль застаюцца пад вартай.
«Сказалі, пакуль мы ня знойдзем злачынцаў, нашы мужчыны будуць сядзець. Каб мы праз сваю цыганскую пошту шукалі тых людзей», — кажа кабета.
«Нам пагражалі, што не дадуць тут жыць спакойна», — кажа жанчына.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не хавае сваёй заклапочанасці падобным развіццём падзей.
“Гэтая інфармацыя нас вельмі непакоіць. Мы, як правааабаронцы, заклікаем да стрыманасці як нашых грамадзянаў, так і работнікаў праваахоўных органаў, заклікаем дзейнічаць у межах закона і не парушаць нічыіх правоў, у тым ліку і па нацыянальнай прыкмеце. У межах расследавання крымінальнай справы ў Магілёве затрымалі і дагэтуль утрымліваюць каля 40 грамадзянаў. Ці законна гэта? Падаецца, што ў даденым выпадку гэткае прафіліраванне асобаў цыганскай нацыянальнасці празмернае. І ўвогуле, злачынства не мае нацынальнасці. Затрымліваць усіх цыганоў горада не зусім правільна".
Юрыст Павел Сапелка дадае, што нацыянальны аспект - гэта толькі адна, хаця і вельмі важная частка праблемы, а другая праблема заключаецца ў тым, што такім чынам ставяцца пад сумненне гарантыі справядлівага разбіральніцтва.
"Затрыманні праводзяцца на трое сутак, а затрымаць могуць тэарэтычна аж да 10 сутак, а ў асаблівых выпадках і да 20-ці без прад’яўлення абвінавачвання. Хаця агульнапрызнаным стандартам з’яўляецца прад’яўленне абвінавачвання адразу пасля затрымання. Але калі затрымліваюць у якасці падазраваных – патрэбныя падставы. У чым іх падазраюць? Хіба ёсць сведкі, якія ўказалі, што менавіта гэтыя людзі знаходзіліся на месцы злачынства, ці знойдзеныя нейкія прадметы і доказы? Бо падставай для кароткатэрміновага затрымання можа з’яўляцца тое, што на іх адзенні, альбо транспартных сродках знойдзеныя сляды злачынства, альбо сведкі прама ўказалі на канкрэтнага чалавека, альбо іх засталі на месцы злачынства, ці яны яны спрабавалі схавацца… Усе падставы для затрымання ў якасці падазраваных у гэтых людзей адсутнічаюць.
Выходзіць яны падазраюцца толькі ў тым, што яны цыгане? А калі б гэта зрабілі габрэі?"