Судовы працэс над незалежнымі журналістамі Аленай Шабуняй і Вячаславам Лазаравым праходзіў у Наваполацкім гарадскім судзе. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала абодвух журналістаў вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ на падставе артыкула 22.9 КаАП, паведамляе "Радыё Рацыя".
Падставай для судовага разбіральніцтва стаў відэасюжэт, паказаны ў перадачы “Кожны з нас” на тэлеканале “Белсат”. Там распавядалася пра аварыю на наваполацкім прадпрыемстве “Палімір” і ўчынак работніка Андрэя Швілпо, які выратаваў сваіх калег, але потым быў асуджаны за нанясенне шкоды вытворчасці. Ён прысутнічаў на судзе ў якасці сведкі, і лічыць, што журналістаў пакаралі незаслужана.
"Яны прыехалі і проста спыталіся ў мяне, якая была сітуацыя падчас аварыі. І чаму я не згодны з прысудам. І ўсё! А іх вінавацяць у нейкіх правапарушэннях, заабавязалі сплаціць грошы. За што? За тое, што яны мне дапамаглі? За тое, што данеслі праўдзівую інфармацыю? Гэта абсалютна незразумела", - абураны Швілло.
З пастановай суду не згодныя і калегі-журналісты, якія прысутнічалі на працэсе, і самі аштрафаваныя. Караць трэба не іх, лічыць Алена Шабуня:
"Канешне, гэта дзікунскія штрафы, і, я лічу, проста ні за што! Так, мы размаўлялі з людзьмі. І людзі распавядалі нам пра праблемы, якія ёсць у нашай краіне. Як можна за гэта штрафаваць? Трэба штрафаваць тых, хто гэтыя праблемы стварыў і не хоча паляпшаць жыццё беларусаў. Вось іх трэба штрафаваць!"
Аштрафаваныя журналісты і іх калегі заўважылі безліч парушэнняў і ў працы міліцыянтаў, якія рыхтавалі матэрыялы адміністрацыйных справаў, і ў дзеяннях суддзі падчас працэсу. Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў збіраюцца абскардзіць пастанову пра пакаранне штрафамі ў Віцебскім абласным судзе.
Крыніца: Двум віцебскім журналістам прысудзілі 1275 рублёў штрафаў