Затрыманыя ўдзельнікі акцыі 25 сакавіка абскарджваюць адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце катаванняў міліцыянтамі Цэнтральнага РУУС Мінска.
Напачатку траўня ў Следчы камітэт звярнуліся 10 чалавек, якія засведчылі факты недапушчальнага, здзеклівага і маючага прыкметы катаванняў стаўлення да іх і іншых затрыманых 25 сакавіка з боку супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС. Падчас падрыхтоўкі скаргі пры дапамозе Праваабарончага цэнтру "Вясна” былі сабраныя сведчанні пра тое, што людзей шэсць гадзін трымалі пад снегам і дажджом на вуліцы, не давалі піць, не пускалі ў прыбіральню, увесь час трымалі на расцяжцы, ужывалі спецсродкі. У сувязі з гэтым у дачыненні да вінаватых заяўнікі прасілі ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
Амаль праз два месяцы сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі атрымаў пастанову, падпісаную 26 чэрвеня следчым Кандратовічам А.Е, у якой паведамляецца, што Цэнтральны райаддзел Следчага камітэту не знайшоў у дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства.
"Упэўніваючых звестак, якія пацвярджаюць выкарыстанне нецэнзурнай лаянкі, абраз, катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, а таксама прымяненне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС г.Мінска, у прыватнасці Находкам У.Т. у дачыненні да затрыманых не выяўлена. Па выніках праведзенай праверкі, дастатковых аб'ектыўных дадзеных, якія паказваюць, што супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС г.Мінска, наўмысна, насуперак інтарэсам службы, з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці злоўжылі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, а таксама неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі з прычыны нядобрасумленнага або нядбайнага стаўлення да службы не знайшлі свайго пацверджання”, — гаворыцца ў адказе са Следчага камітэту.
Заяўнікі не згадзіліся з дадзенай пастановай, якую яны лічаць незаконнай і неабгрунтаванай. З гэтай нагоды яны вырашылі накіраваць скаргу на імя начальніка Цэнтральнага райаддзела СК Віталя Вярцінкага, у якой прыводзяць факты непаўнаты і павярхоўнасці праверкі.
Так, не былі канфіскаваныя запісы камер відэаназірання, усталяваных унутры і на фасадзе будынку Цэнтральнага РУУС, не праглядаліся запісы з відэарэгістратараў, усталяваных на форменным абмундзіраванні міліцыянтаў. З пастановы вынікае, што ў межах праверкі акрамя Находкі У.Т. не быў дапрошаны ні адзін супрацоўнік Цэнтральнага РУУС, а таксама ні адзін з заяўнікоў не быў апытаны па справе і не быў вызваны для правядзення вочнай стаўкі з Находкам У. Т. Следчы Кандратовіч не правёў даследавання абставінаў прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў у дачыненні да затрыманых, а таксама не даў ацэнку дзеянням міліцыянтаў, якія больш за тры гадзіны незаконна трымалі некаторых удзельнікаў акцыі у РУУС, а потым адпускалі без складання пратаколаў. У дадатак да ўсяго, Кандратовіч А. Е. адмовіўся азнаёміць заяўнікоў з матэрыяламі праведзенай праверкі.
Заяўнікі просяці адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і ліквідаваць перашкоды да таго, каб усе заяўнікі маглі азнаёміцца з матэрыяламі даследчай праверкі, якая мае значэнне для абароны іх правоў і законных інтарэсаў.