Суддзя Кастрычніцкага суду Віцебску Ілля Белавус у пастанове, якую склаў на актывіста Уладзіміра Кійко, памылкова ўказаў, што той меў раней адміністрацыйныя спагнанні. Як палічыў праваабаронца Павал Левінаў, гэтым самым Белавус замахнуўся на гонар і годнасць грамадзяніна. Левінаў папрасіў Вярхоўны суд разгледзець пытанне аб прафпрыдатнасці суддзі, паведамляе "Віцебская Вясна".
У звароце на імя старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы праваабаронца падкрэсліў, што ў адпаведнасці з палажэннем арт. 2.8 КаАП РБ той, хто цягам году не здзяйсняе новых адміністрацыйных правапарушэнняў, лічыцца асобай, якая не была пад адміністрацыйным спагнаннем. Левінаў цытуе таксама арт. 2.5 ПВКаАП РБ, паводле якога пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу забараняюцца дзеянні і рашэнні, якія б прыніжалі гонар і прымяншалі годнасць асобы ўдзельнікаў працэсу.
“Такім чынам, суддзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Белавус І.У. не толькі парушыў права грамадзяніна Кійко на прэзумпцыю невінаватасці, гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыяй РБ, але і замахнуўся на яго гонар і годнасць”, – сцвярджаў у звароце Павал Левінаў.
Праваабаронца прасіў даць дзеянням суддзі прававую ацэнку, а таксама разгледзець пытанне аб прафэсійнай прыдатнасці суддзі Белавуса.
Левінаву адказаў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суду Анатоль Фаменка. Напісаў пра тое, што суддзя Белавус сапраўды зрабіў памылку ва ўступнай частцы пастановы, і нагадаў, што пастановай Віцебскага абласнога суду ад 2 траўня пастанова райсуду была змененая. Цяпер яна ўтрымлівае ўказаньне, што “Кійко. У.У. раней не быў пад адміністрацыйным спагнаньнем”.
“Пры вырашэнні пытання аб штомесячным прэміяванні змены, якія адбыліся ў судовай пастанове, будуць улічаныя. Падставаў для дадатковых мераў рэагаваньня, з улікам сутнасці ўчыненага парушэння, не маецца”, – гаворыцца ў адказе Вярхоўнага суду.
Прадстаўнік БХК у Віцебску і Віцебскай вобласьці Павел Левінаў не першы раз звяртае ўвагу Вярхоўнага суду на непрафесійнасьць суддзі Белавуса. Таксама не ўпершыню Вярхоўны суд абяцае ўлічыць памылкі суддзі пры яго прэміяванні. Але далей не ідзе.
Нагадаем, раней суддзя Белавус сказіў у пастанове прозвішчы пацярпелых, а адной з іх – фізычны пол. Гэтыя памылкі заўважыў падчас маніторынгу судоў праваабаронца і напісаў у Вярхоўны суд, які паабяцаў, што гэтае парушэнне суддзі адаб’ецца на суме ягоных прэміяльных.
Крыніца: Віцебскі суддзя Ілля Белавус зноў застанецца без прэміі?