Дзмітрый Паліенка. Фота ПЦ "Вясна" Былому палітвязню Зміцеру Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

“Следства папярэдне будзе доўжыцца да канца гэтага месяца, – паведаміў сайту palitviazni.info сябра і паплечнік Змітра Вячаслаў Касінераў. – 26 мая у Зміцера Дзень народзінаў (споўніцца 25 гадоў), таму чарговае свята ён будзе сустракаць за кратамі”.

Па інфармацыі Следчага камітэта, Зміцеру Паліенку выстаўлена абвінавачванне па трох артыкулах: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).

Зараз актывіст анархісцкага руху застаецца пад вартай, у дачыненні да яго была прызначаная стацыянарная судова-псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. З 10 красавіка Зміцер знаходзіўся ў Навінках.

“Зміцер Паліенка ўжо прайшоў судова-псіхіятрычную экспертызу, але яе вынікі нам невядомы, – распавёў сябра Змітра Вячаслаў Касінераў. – Яго вярнулі ў сталічны СІЗА на вуліцы Валадарскага, але ненадоўга. Па нашай інфармацыі,10 мая, яго павінны этапаваць у Жодзіна. Хаця гэта парушэнне, бо, па рашэнні следчай, Зміцер павінен знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску”.

Са слоў Вячаслава Касінерава, у лісце, які даслаў Паліенка, той пералічвае па датах, калі ён пісаў сябрам.

“Праз гэта мы даведаліся, што з 10 лістоў да нас дайшоў толькі адзін, – дадае суразмоўца. – Стала таксама вядома, што следства папярэдне будзе доўжыцца да канца гэтага месяца. 26 мая у Зміцера Дзень народзінаў(споўніцца 25 гадоў), таму чарговае свята ён будзе сустракаць за кратамі”.

palitviazni.info

Крыніца: Зміцера Паліенку пераводзяць у следчы ізалятар у Жодзіна