Шостая гадзіна. Хутка цямнее. Мы вяртаемся ў адной машыне разам з Святланай Ганнушкінай і Мікалаем Рыбаковым, піцерскім яблычнікам, які ляцеў разам з намі ў самалёце. У Мікалая праз паўтары гадзіны самалёт: Расія вялікая, партыйныя дзялы, у аэрапрот ехаць паўз Грозны-сіці, паўз наш гатэль, ён узяўся нас падвезьці. Яны абмяркоўваюць выбары мэра Масквы і правал Яблыка, які вылучыў на мэра Мітрохіна. Былі інтрыгі, не пайшоў найбольш папулярны ў партыі ў Маскве Якаў Якубовіч, адпаведна, выскачыў другі па праймерызу – Мітрохін. Скончылася правалам і для Яблыка, і для яго. Як мне гэта ўсё знаёма па колішняй працы ў Фронце. Асабістыя амбіцыі як робяць, так і рубяць палітыку. Мне гэтыя прозьвішчы маскоўскіх яблычнікаў ні пра што не гавораць. Я думаю пра тое, што мы ўсё меньш і меньш ведаем кухню расійскай палітыкі апроч дзьвюх-трох прозьвішчаў, якія ўжо чвэрць стагодзьдзя на слыху. У адрозьненьні ад атачэньня Пуціна. Моцны аж занадта прэзідэнт і карлікавыя партыі. Рыхтык як у нас.

groznyj_centr.jpg
Глёбус з надпісам "Грозный - горад міра"

Мы праяжджаем у мярэжы туману вялікі Глёбус, які стаіць на раздарожжы, апаясаны стужкаю з надпісам: “Грозный – город міра”.

“Чаго болей у гэтым слогане, – думаю я, – недарэчнага самахвальства ці пагрозы (ад слова Грозны) усяму сьвету?”

Сьвятлана Міхайлаўна працягвае размаўляць з Рыбаковым. Распавядае яму ўласную гумарэску з часоў прэзідэнцтва Мядзьведзева. Калі замежнікі пыталіся ў яе  –  чаму заўсёды выступае Пуцін, калі ён не прэзідэнт, яна адказвала:

“Таму што ён пайшоў на павышэньне”.

“Як гэта так?” –  дзівіліся яны.

“Ён стаў начальнікам над прэзідэнтам”, – адказвала Ганнушкіна.

А зараз, сьмяецца Сьвятлана Міхайлаўна, Яўлінскі распавядае гэтую гісторыю, калі апісвае свае стасункі з старшынямі “Яблыка”, якіх ужо некалькі памянялася пасьля яго сыходу з старшынства.

Мне прыемна слухаць яе правільную рускую мову. Такую ў Менску не пачуць. Ганнушкіна не маўчыць, распавядае наступную гісторыю.

Часы СССР. Яе дачцы восем гадоў. Яны зайшлі ў музычную краму. Там дачка ўбачыла кружэлку з выявай Брэжнева, якога яна пазнала, бо бачыла на партэтах у школе і чула пра яго ўдома ад дарослых, і голасна, з акцэнтам на кожным слове пракаментавала: “Дык ён яшчэ і сьпявае!”

Цёмна. Ноч. Туман. Мы едзем праз Аргун. І тут у цэнтры, як пад капірку, некалькі новых жылых шматпавярховікаў, хмарачос бізнэс-цэнтра і вялізны мячэт.

mechet_groznyj-.jpg
Мячэт Аймані ў Аргуне

“Якое імя ў мячэта?” – пытаюся я ў кіроўцы.

“Маці Рамзана – Аймані”, – адказвае ён.

Нізкі спадзісты дах мячэту, пакрыты залатой вязьзю арабскіх узораў,  даходзіць амаль да зямлі. Мячэт падобны на залаты шацёр.  Мінарэты ў тумане нагадваць мармуровыя штыкі.

Мы пад’яжджаем да прыгараду Грознага. Там Ханкала, гаворыць Ганнушкіна. Ханкала – страшнае месца ў Чачні. Там  – найвялікшая расійская вайсковая база, там жа вайсковая пракуратура і ФСБ, там былі закатаваныя сотні, а можа і тысячы захопленых падчас дзьвюх войнаў чачэнцаў. Іх беззаконна трымалі нават не ў турме, а ў выкапаных у зямлі ямах. Страшны быў іхні лёс. Такія фільтрацыйныя лягеры, дзе федералы дасланыя сюды Масквой, катавалі, гвалцілі, забівалі затрыманых, былі раскіданыя па ўсёй Чачні.

Мы ўяжджаем у горад, едзем па начным асьветленым Грозным, прыяжджаем некуды на цёмную стаянку. Кіроўца кажа: вось ваш Грозны-сіці. Мы глядзім праз шыбы аўто. Месца зусім непадобнае на наш гатэль. “Гэта штосьці ня тое”, – кажам мы кіроўцу. Ён паказвае нам на спаруду-ангар гандлёвага цэнтру, на якім вялікімі неонавымі літарамі ганарліва выпісана: “Грозны-сіці”.

“Не туды! – кажам мы. – У цэнтр, у цэнтр гораду нам патрэбна!” Кіроўца моўчкі разварочвае машыну, і мы кацім назад. Да самалёта ў Рыбакова застаецца гадзіна. Сяржук упэўнена тлумачыць, дзе мы зьвярнулі не туды. Я зусім заблытаўся, дзе мы. Нам трэба вярнуцца на разьвілку дарог і завярнуць лявей. Мы з Ганнушкінай прапануем высадзіць нас. У горадзе мы і самі дабярэмся да гатэлю. Рыбакоў не пагаджаецца. Кіроўца ўрэшце давозіць нас да гатэлю. Мікалай просіць яго зьехаць з праспекту налева ў перадгатэльную вулку. Ён выходзіць з машыны, разьвітваецца з Ганнушкінай, а заадно і з намі. Мы прысьпешваем яго: едзь, едзь, бо спозьнісься! Рыбакоў спакойны і ўпэўнены. Відаць, што лётаць на самалётах па Расіі і заскокваць на борт у апошнія хвіліны для яго звыклая справа. Я дык перад пасадкаю на самалёт вечна хвалююся, каб не спазьніцца. 

Рыбакоў зьяжджае, а мы ідзем ў гатэль, і па дарозе Ганнушкіна распавядае, што ў іх у офісе “Грамадзянскага садзеяньня”, праваабарончай арганізацыі, якую яна стварыла і ачольвае, вісіць на сьценцы ў асадзе падзяка ад Пуціна.  Калісьці было, што ў офіс уварваліся паліцыянты, шукалі незарэгістраваных мігрантаў, не знайшлі і спыталіся:

“А вы – хто?”

“Адзін чалавек ведае пра нас”, – адказала супрацоўніца і паказала на гэты ліст падзякі. Паліцыянты прачыталі і адразу ціха сыйшлі.

Старшыня “Гражданского содействия» Святлана Ганушкіна на суде Аюба Ціціева. Фота ПЦ “Вясна”.
Старшыня “Гражданского содействия» Святлана Ганушкіна на суде Аюба Ціціева. Фота ПЦ “Вясна”.

Сьвятлане Міхайлаўне ўжо 76. Ідзе, пахістваецца, але мае жывы, зусім не старэчы розум і маладую душу. Гаворыць:

“Я есьці не хачу. Я магу зусім бязь ежы”.

“Трэба есьці”, – угаворваю я яе.

Яна ківае галавой, успрыймае гэта як неабходную павіннасьць, і мы разьвітваемся да заўтрага.

Урэшце мы ў сваім гатэльным нумары. Мы зьядаем па хурме і ўкладаемся. Я адчыняю нотбук і набіраю наўгад: Ханкала, як вынік размовы ў таксі. Інтэрнэт выдае мне справаздачу “Мемарыялу” пачатку 2000-х пра зьніклых людзей у Чачні пад назваю “Страшныя знаходкі каля Ханкалы” і з пазнакаю ў назве: old.memo.ru.

Сяржук імгненна засыпае з сваім нотбукам на грудзях, а я чытаю ўсяго адзін эпізод з гэтай  “олд.мема” справаздачы:

21-га лістапада 2000 г. на дарозе Самашкі – Ачхой-Мартан каля павароткі да хутара Давыдзенкі падарваўся на міне аўтамабіль “Урал” са здвоеным зянітным кулямётам на борце. Па той інфармацыі, якая маецца, адзін жаўнер загінуў, двое – параненыя.

Выпадак зьявіўся падставаю для затрыманьня на месцы падрыву аўтамабіля Хусейна Газіева, жыхара сяла Давыдзенка, 1955-га года нараджэньня. На паваротцы да свайго сяла ён сыйшоў з рэйсавага аўтобусу, які ехаў з райцэнтра ў сяло Самашкі. Там стаялі вайскоўцы расійскай арміі. Пасажыры аўтобуса бачылі, як яны падыйшлі да яго, нацягнулі на галаву мех, пасадзілі на БТР і зьвезьлі ў невядомым накірунку.

Сваякі Хусейна Газіева аператыўна пачалі ягоныя пошукі. Яны зьвярнуліся ў Ачхой-Мартанаўскае СІЗА, у раённую пракуратуру, да камандаваньня разьмешчаных паблізу вайсковых частак. Аднак не маглі знайсьці яго на працягу двух дзён.

Праз некалькі дзён зьнявечанае цела Хусейна Газіева было знойдзена на краю сяла Давыдзенка. Па сьведчаньні відавочцаў у забітага быў адрэзаны нос і выкалатыя вочы. Галава ўяўляла з сябе мешаніну з костак і мяса. Сківіца была зламаная ў двух месцах, а зубы адсутнічалі. Зламаныя былі таксама кісьці рук і пальцы.

Міжволі прыходзіць параўнаньне. Мы з жахам згадваем аповяды сваіх родных пра нямецкую акупацыю Беларусі падчас другой сусьветнай вайны. Яна закранула хіба кожную беларускую сям’ю. Я думаю, што дзьве расійскія вайны ў Чачні ўспамінаюцца чачэнцамі прыкладна гэтак жа ж. Ці могуць затуліць у Шалі хмарачосы са шкла і бетону ўзору 2018-га тую шалінскую  плошчу з сотнямі мітынгуючых людзей, над якой у 2000-м разарвалася ракета “Точка-У”?  Хіба што на сёньня хопіць. Спаць.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Крыніца: Блог Алеся Бяляцкага: XIV. Вяртаньне з Шалі ў Грозны. Маскоўская палітыка