Заяўнікі мінскага канцэрта-мітынгу на Дзень Волі абскарджваюць у Мінскім гарадзкім судзе штрафы за нявыплату паслуг па ахове грамадскага парадку. Яны просяць адмяніць пастанову суда Цэнтральнага раёна і спыніць адміністрацыйны працэс у дачыненні да іх.
Нагадаем, суд Цэнтральнага раёна Мінска прыняў рашэнне пакараць Вольгу Кавалькову, Ігара Барысава, Юрася Губарэвіча і Мікалая Казлова штрафам у памеры 30 базавых велічынь (765 рублёў) кожнага за парушэнне 2 арт.23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). Пратаколы па гэтым артыкуле на арганізатараў Дня волі былі складзеныя пасля таго, як па заканчэнні 10 дзён з дня мерапрыемства яны так і не аплацілі паслугі міліцыі. Самі арганізатары сваю адмову плаціць тлумачаць тым, што іх паслугі апынуліся няякаснымі - на мерапрыемстве затрымлівалі актывістаў.
У сваіх скаргах у Мінгарсуд, падрыхтаваных з дапамогай праваабаронцаў, арганізатары Дня волі спасылаюцца на Пастанову Савета Міністраў №49, у якім выразна прапісана, што ўрэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў адбываецца шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку. Вядзенне жа адміністрацыйнага працэсу за неналежнае выкананне абавязацельстваў, узятых па грамадзянска-прававым дагаворы, пастановай не прадугледжваецца. Такім чынам, не можа наступаць і адміністрацыйная адказнасць.
Таксама арганізатары адзначаюць, што наяўнасць у беларускім заканадаўстве нормы, якая замацоўвае абавязак арганізатараў масавага мерапрыемства аплочваць паслугі па ахове грамадскага правапарадку, супярэчыць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь як дзяржавы-ўдзельніцы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Акрамя адмены штрафаў, арганізатары Дня волі просяць Мингарсуд паставіць ва ўстаноўленым парадку перад Канстытуцыйным судом пытанне аб неадпаведнасці абзаца 9 ч.3 артыкула 10 Закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Крыніца: Арганізатары Дня волі абскардзяць штрафы за нявыплату паслуг міліцыі