Праз шэсць гадоў рэкамендачыі на адрас Беларусі, зробленыя Пастаянным саветам АБСЕ па выніках разгляду даклада спецдакладчыка Эмануэля Дэко ў рамках Маскоўскага механізму, застаюцца актуальнымі. Афіцыйны Мінск не выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы, канстатуюць эксперты.
Такімі высновамі падзялілася прадстаўніца Платформы грамадзянскай салідарнасці Вольга Захарава падчас дыскусіі ў рамках Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці, які адбыўся 4 ліпеня ў Мінску. Экспертка распавяла пра спецыфіку Маскоўскага механізму АБСЕ, нагадаўшы ініцыяцыю дадзенай працэдуры ў красавіку 2011 года ў дачыненні да Беларусі, і перспектывы стварэння новага Маскоўскага механізму з улікам новых палітычных рэалій.
Даведка: "Маскоўскі механізм" быў прыняты АБСЕ ў 1991 годзе як комплекс мераў надзвычайнага характару для маніторынгу сітуацыі ў краіне, дзе становішча дэстабілізавана - ёсць востры канфлікт, масавае парушэнне правоў чалавека і да т.п. АБСЕ стварае адмысловую камісію, якая назірае за сітуацыяй і дае экспертнае заключэнне, якое кладзецца ў аснову палітыкі арганізацыі ў дачыненні да гэтай краіны. 6 красавіка 2011 года ў дачыненні да Беларусі 14 краінамі-ўдзельніцамі АБСЕ быў ініцыяваны "Маскоўскі механізм". У рамках гэтай працэдуры спецдакладчыкам па Беларусі быў прызначаны прафесар міжнароднага права Парыжскага ўніверсітэта Эмануэль Дэко, які па выніках вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, падрыхтаваў адмысловы даклад.
Поўны выступ Вольгі Захаравай на Паралельным форуме грамадзянскай супольнасці.
Вольга Захарава канстатавала, што прынцыповых зменаў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі праз шэсць гадоў пасля выхаду дакладу не адбылося. Важныя сістэмныя праблемы засталіся, а шмат якія з іх нават абвастрыліся. Аднак, з яе словаў, у цяперашніх умовах разлічваць на ініцыяцыю новага афіцыйнага Маскоўскага механізму не варта.
"Сітуацыя ў сакавіку гэтага года па маштабах арыштаў і затрыманняў параўнальная з сітуацыяў напрыканцы 2010 года. Але зараз ініцыяцыя новага Маскоўскага механізму была немагчымая з прычыны шэрагу палітычных прычын, у тым ліку і праз правядзенне цяперашняй Парламенцкай асамблеі. У Маскоўскага механізму ёсць значны мінус – гэта адсутнасць фармалізаваных працэдур далейшай працы з дакладам. Няма такога правіла, каб, напрыклад, праз пяць гадоў пасля выхаду дакладу неабходна было правесці новы маніторынг, які бы паказаў, ці выкананыя рэкамендацыі, як ўвогуле змянілася сітуацыя. Фактычна, зараз усё залежыць ад палітычнай волі актараў, якія працуюць з дакументам".
Па меркаванні Вольгі Захаравай, працу па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі неабходна працягваць, а грамадзянскай супольнасці варта падумаць пра прызначэнне свайго грамадскага спецдакладчыка па краіне.
"Якія варыянты далейшых дзеянняў у рамках “Маскоўскага механізму”? Па-першае, заўсёды ёсць палітычная воля ў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая можа прынімаць рэзалюцыі па Беларусі. Што датычыцца пытанняў валіднасці рэзалюцый, дакладаў і іншых міжнародных дакументаў, то магчыма яны і не аказваюць маментальнага сістэманага дзеяння. Аднак мы ведаем, што ініцыяцыя Маскоўскага механізму АБСЕ ў красавіку 2011 года як мінімум палегчыла становішча тых, хто знаходзіўся ў месцах зняволення. Па-другое, трэба працягваць доўгатэрміновую працу па зборы аб’ектыўных, канкрэтных фактаў пра тое, што адбываецца ў краіне. Мы лічым, што нават калі ў афіцыйных актараў АБСЕ няма палітычнай волі зрабіць новы “Маскоўскі механізм”, грамадскасць магла бы прызначыць свайго спецдакладчыка і правесці грамадскую ацэнку сітуацыі ў Беларусі. Вынікі працы такога грамадскага “Маскоўскага механізму” можна было б прадставіць у верасні на Канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, альбо на нашай паралельнай канферэнцыі ў снежні. Тым больш што ў нас ужо ёсць досвед, калі вясной 2011 Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі прызначыў такога спецдакладчыка. Тады гэта было вельмі важным штуршком для актывізацыі палітычнай волі ў іншых міжнародных актараў".
Нагадаем, у звязку з хваляй рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, 6 красавіка 2011 года ў дачыненні да Беларусі 14 краінамі-ўдзельніцамі АБСЕ быў ініцыяваны Маскоўскі механізм. У рамках гэтай працэдуры спецдакладчыкам па Беларусі быў прызначаны прафесар міжнароднага права Парыжскага ўніверсітэта Эмануэль Дэко, які ў траўні пачаў працу па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Афіцыйны Мінск не прызнаў спецдакладчыка, і яго візіт у Беларусь не адбыўся, паколькі ён не атрымаў запрашэння ад урада. Нягледзячы на гэта, Эмануэль Дэко падрыхтаваў даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. 16 чэрвеня 2011 года Пастаянны савет АБСЕ разгледзеў гэты дакумент і заклікаў афіцыйны Мінск выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы.