5 траўня ў Брэсце міліцыянты жорстка затрымалі Віталя Шавяленкава — праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода, адзначае Еўрарадыё. Затрыманне адбывалася на вачах малалетняга сына, якому чатыры з паловай гады. "Як распавёў сусед Раман, каля 11:30 ён пачуў крыкі на вуліцы каля №11 на вул. Энгельса. Праз вакно ён убачыў, як яго суседа Віталя Шевяленкава запіхвалі ў міліцэйскі "бобік" тры міліцыянта і адзін ў цывільным. Віталь зваў на дапамогу, крычаў "Ратуйце!" У двух кроках ад іх стаяў сын Віталя і крычаў на ўсю вуліцу. Нейкім чынам міліцыянты адпусцілі Віталя, і ён ўзяў сына пасадзіў у свой аўтамабіль, які стаяў побач, закрыў дзверы і кінуўся бегчы у бок парку Першага траўня. Мянтоўскі "бобік" паехаў за ім.
- Віталь Шавяленкоў
Малы, зачынены ў аўто, ашалела крычаў.
Праз некалькі хвілін аўто адчыніла жонка Віталя. Да яе ў кватэру зайшоў незразумелы лысы чалавек і сказаў, што ў іх машыне плача дзіця. Ён адмовіўся прадстаўляцца і паказваць свой мянтоўскі аўсвайс і вельмі хутка збег адтуль на сваім цывільным аўто. Прыкладна ў той час Раман пачуў як нехта з міліцыянтаў далажыў па рацыі, што Віталя затрымалі па 17.1 і адвезлі ў Ленінскі РАУС", — апісаў сітуацыю брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін.
Па яго словах, жонка Шавяленкава аднесла Віталю перадачу. Сам мужчына, дарэчы, цяпер знаходзіцца на бальнічным па доглядзе за сынам.
У каментары Радыё "Свабода" жонка Шавяленкава Ганна распавяла: у міліцыі ёй заявілі, што абскардзіць дзеянні міліцыянтаў яна можа ў пракуратуры. Там у сваю чаргу паведамілі, што скаргу змогуць зарэгістраваць толькі 10 траўня, калі скончацца доўгія выходныя.
5 траўня брэстаўчане традыцыйна абраліся на плошчы Леніна "пакарміць галубоў". Так яны ўжо некалькі месяцаў пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода на ўскрайку горада. Паводле неафіцыйных ацэнак на акцыю ў нядзелю выйшла каля 120 чалавек.
Крыніца: Праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода жорстка затрымалі на вачах у сына