Пра гэта Міхаіл Жамчужны паведаміў у паштоўцы, якую даслаў з калоніі віцебскаму праваабаронцу Леаніду Свеціку. Рада БНР вырашыла ўзнагародзіць палітвязня медалём у гонар БНР-100 “за дзейнасць на карысць свабоднай і незалежнай Беларусі”.
Міхаіл Жамчужны, які адбывае зараз тэрмін зьняволення ў Горацкай калоніі № 9, паведаміў у паштоўцы, што атрымаў ліст з Амэрыкі.
“Рада БНР вырашыла ўзнагародзіць юбілейным медалём за дзейнасць на карысць свабоднай і незалежнай Беларусі” мяне. Ня ведаю, як і калі, але табе першаму паведамляю…” – напісаў Жамчужны праваабаронцу.
Раней старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла паведамляла Радыё Свабода, што поўныя спісы ўзнагароджаных медалём ня будуць апублікаваныя, і гэта “тлумачыцца ў тым ліку патрэбамі бяспекі ў дачыненні да некаторых асобаў”.
Юбілейны мэдаль “100 гадоў БНР” быў заснаваны Радай БНР у 2018 годзе. Першым такім мэдалём быў у лютым 2018 году ўганараваны (пасмяротна) беларускі гісторык Юры Туронак. Паводле афіцыйнага сайту Рады БНР, у спіс узнагароджаных ужо ў 2018 годзе ўвайшло больш за 130 чалавек – палітыкаў, актывістаў, культурніцкіх дзеячоў і навукоўцаў з Беларусі, беларускае дыяспары, а таксама з ліку замежнікаў. У пашыраным спісе, які апублікавала сёлета напярэдадні БНР-101 Радыё Свабода, значыліся былыя палітвязні Зміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка і Вячаслаў Сіўчык, але цяперашняга палітычнага зняволенага Міхаіла Жамчужнага ў спісе на той момант не было.
У паштоўцы, дасланай у Віцебск праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, палітвязень паведамляе яшчэ, што “пачаў перамагаць Горацкі суд” і што абскардзіў свой статус “экстрэміста” ў Дэпартамэнт выканання пакаранняў і начальніку калоніі. Зазначае, што такі статус прымяняюць у беларускіх калоніях, каб “Захад не бараніў”.
Міхаіл Жамчужны піша, што ўжо восьмы раз яму адмаўляюць за свой кошт набыць вітаміны. “Працягваю вайну”, – напісаў палітвязень на палях паштоўкі.
Крыніца: Палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымае медаль да 100-годдзя БНР