Журналіст Андрэй Толчын. Фота з сайта baj.by Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу гомельскага журналіста-фрылансера Андрэя Толчына. Яго індывідуальнае паведамленне зарэгістравана пад №3288/2019 і накіравана беларускаму ўраду для каментара па сутнасці пастаўленых пытанняў (парушэнне права на збор, захоўванне і распаўсюджвання інфармацыі), паведамляе "Гомельская Вясна".

На працягу 2017 года раённыя суды чатыры разы штрафавалі журналіста на агульную суму, якая перавышае 1500 долараў ЗША за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат». Напрыклад, 3 лістапада 2017 года суддзя суда Калінкавіцкага раёна Людміла Савасцянава аштрафавала яго на 920 рублёў толькі толькі за тое, што ён узяў інтэрв'ю і пасля размясціў у Інтэрнэт відэаматэрыял з вёскі Каплічы, Калінкавіцкага раёна пад назвай «Людзі просяць вярнуць ім школу, чыноўнікі пагражаюць псіхушкай».

У 2017 годзе Андрэй Толчын працаваў з гомельскім фрылансерам Кастусём Жукоўскім, скаргі якога таксама знаходзяцца на разглядзе ў КПЧ ААН. У цяперашні час на міжнародным узроўні таксама разглядаюцца скаргі гомельскіх журналістак Ларысы Шчыраковай і Наталлі Крывашэй, журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай, журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова. Названыя журналісты ўваходзяць у склад БАЖ, іх справы ў КПЧ ААН вядзе юрыст асацыяцыі Леанід Судаленка.

Нагадаем, у дачыненні да незалежных журналістаў-фрылансераў беларускі ўрад вядзе бескампрамісную барацьбу. Нягледзячы на ​​вялікую колькасць скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека чыноўнікі працягваюць паўтараць - акрэдытацыя дабро, якое не заўважаюць журналісты.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка лічыць, што іншага шляху, акрамя як падымаць гэтыя пытанні на міжнародным узроўні не існуе. Журналісты павінны паказваць чыноўнікам, што для атрымання інфармацыі пытаць дазвол у дзяржавы не абавязкова.

«У разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў правоў чалавека акрэдытацыя з'яўляецца інструментам, які палягчае магчымасці журналістаў на атрыманне інфармацыі, нашы ж чыноўнікі лічаць яе дазволам на працу», - падкрэслівае эксперт.

Крыніца: У КПЧ ААН да разгляду прынятая скарга фрылансера Андрэя Толчына