Мікола Дзядок. Фота: ПЦ "Вясна" 4 траўня ў 14.00 у судзе Партызанскага раёна г. Мінска пройдзе разгляд справы па скарзе анархіста Мікалая Дзядка на адказ намесніка старшыні Следчага камітэта па разглядзе пытання аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі АУС пры ўзброеным налёце на актывістаў пад Крупкамі.

На працягу дзевяці месяцаў Мікалай Дзядок шматразова звяртаўся ў падраздзяленні Следчага камітэта і Пракуратуры з заявамі і скаргамі, у якіх ставіў пытанне аб правядзенні праверкі ў дачыненні да незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да іх.

Аднак, ні адзін адказ на скаргі не утрымліваў указанняў на тое, што прынята якое-небудзь працэсуальнае рашэнне ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным кодэксам.

Так, накіраваная скарга Мікалаем Дзядком ў Генпракуратуру была перанакіравана ў Следчы камітэт, а адтуль яму прыйшоў адказ, з якога вынікала, што скарга была разгледжана ў парадку закона «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў". Актывіст абскардзіў такі адказ старшыні СК з просьбай разгледзець яго заяву як заяву аб здзяйсненні ў дачыненні да яго злачынства службовымі асобамі АУС і прыняць адпаведнае рашэнне ў рамках КПК. Аднак, у адказ намеснік старшыні СК Сяргей Аземша ўказаў, што раней актывісту быў дадзены абгрунтаваны адказ аб адсутнасці падстаў для правядзення праверкі і прыняцця рашэнняў у парадку КПК.

Мікалай Дзядок лічыць адказ СК незаконным і адзначае, што ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 174 КПК, па паступіўшай заяве або паведамленню аб злачынстве альбо пры непасрэдным выяўленні прыкметаў злачынства орган дазнання, начальнік следчага падраздзялення, следчы ці пракурор прымаюць адно з наступных рашэнняў:

  • аб узбуджэнні крымінальнай справы;
  • аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы;
  • аб перадачы заявы, паведамленні па падследнасці, кампетэнцыі;
  • аб спыненні праверкі і растлумачэнні заяўніку права распачаць у судзе крымінальную справу прыватнага абвінавачвання.

«Такім чынам, вынікам разгляду маёй скаргі ў Следчым камітэце павінна была стаць альбо пастанова аб узбуджэнні крымінальнай справы, альбо пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, якую я мог бы абскардзіць і дамагацца эфектыўнага расследавання абставінаў, звязаных з парушэннем маіх правоў, і пакарання вінаватых.

Паколькі дадзеныя патрабаванні закона Следчым камітэтам не выкананыя, лічу, што мая скарга не разгледжаная па сутнасці», - піша ў сваёй скарзе Мікалай Дзядок.

Ён просіць суд прызнаць яго скаргу абгрунтаванай, а адказ намесніка Старшыні СК С. Аземшы незаконным, а таксама абавязаць Следчы камітэт разгледзець яго скаргу ў парадку, прадугледжаным КПК.

Мікалай Дзядок: "Калі спусціць ім гэта, то хутка і грошы пачнуць адбіраць у нахабную"

Праз амаль восем месяцаў з дня налёту на нефармальную сустрэчу анархістаў пад Крупкамі Мікалаю Дзядку вярнулі канфіскаваныя нажы.

Нагадаем, што 30 чэрвеня ў лесе за некалькі кіламетраў ад п. Крупкі каля 20 анархістаў вырашылі арганізаваць нефармальную сустрэчу. У ёй браў удзел журналіст і былы палітвязень Мікалай Дзядок. Паводле яго слоў, каля паловы чацвёртай дня людзі ў камуфляжы і ў масках без усялякіх падстаў, паралельна страляючы з аўтаматаў, брутальна затрымалі яго самаго і яго таварышаў. Анархістаў штурхалі, ставілі на калені і прасілі на камеру называць свае дадзеныя. Некалькі гадзін яны стаялі на каленях у дождж, а Дзядок ляжаў на мокрай зямлі ў кайданках. У выніку аператыўнікі абшукалі палаткі, узялі тлумачэнні і канфіскавалі для экспертызы налепкі і брашуры. Апошнія сілавікі з'ехалі з месца затрымання толькі пасля дзесяці гадзін вечара.

Крыніца: СК ухіліўся. Цяпер скаргу Мікалая Дзядка разгледзіць суд