Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя пачала збор подпісаў супраць абавязковых выплатаў за царкоўныя і касцёльныя мерапрыемствы, уведзеных сумнавядомай пастановай Саўміну нумар 49, паведамляе сайт krynica.info.
«Мы лічым, што ўвядзенне такой нормы заканадаўства як паборы з цэркваў за масавыя мерапрыемствы, прывядуць толькі да напружанасці, адмены многіх святаў і ўрачыстых працэсіяў. Некаторыя мерапрыемствы ўжо адмененыя, што выклікала негатыўны рэзананс у СМІ і мясцовых хрысціянскіх грамадах. Віна за гэта кладзецца на адпаведныя дзяржаўныя органы», — сцвярджаецца ў Звароце.
«Распаўсюджванне дзеянні Пастановы і артыкула 10 Закона на грамадзян Беларусі, якія арганізоўваюць некамерцыйныя масавыя мерапрыемствы, такія як хросныя хады, пілігрымкі, паломніцтвы, масавыя хрышчэнні на адкрытым паветры ды інш., мяркуем, з’яўляецца парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкул 35 якой гарантуе нам права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь».
Падпісанты Звароту патрабуюць адмяніць дзеянне Пастановы нумар 49 у дачыненні не толькі да цэркваў, але і да ўсіх некамерцыйных арганізацый.
Жадаючыя далучыцца да збору подпісаў могуць напісаць на электронны адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., пасля чаго атрымаюць форму для запаўнення.
Крыніца: БХД збірае подпісы за адмену пабораў з царкоўных мерапрыемстваў