15 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска пачаўся разгляд справы ў дачыненні да Віталія Максімава, якога абвінавачваюць у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч.2 арт. 23.34 КаАП.
Справу разглядае суддзя Аляксандр Рудэнка. Ён зачытаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, дзе ўказана, што Віталь Максімаў, "21 сакавіка ў 18.25 у месцы не прызначаным для правядзення масавага мерапрыемства арганізаваў і правёў іншае масавае мерапрыемства, а менавіта рэлігійнае, на якім прапаноўваў шлюбным парам выпіць з адной чашы вінаградны сок, прамаўляў абед любові і вернасці, з парушэннем устаноўленага парадку арганізацыі масавага мерапрыемства".
Віталь Максімаў даў паказанні, у якіх сцвярджаў, што праведзенае ім мерапрыемства не насіла характар масавага і рэлігійнага, сваю віну не прызнаў.
Таксама ў судзе былі апытаныя сведкі - валанцёры зарэгістраванай арганізацыі, якія бралі ўдзел у праграме, і старшыня гэтай арганізацыі.
З-за таго, што ў суд не з'явіліся сведкі - жанчыны, якія ўдзельнічалі ў самім мерапрыемстве, разгляд справы працягнецца 22 красавіка.
Адвакат таксама хадайнічаў аб выкліку ў суд выхательніцы інтэрната, у пакоі якой праходзіла сустрэча. Уласна, пакой выхавацеля і прызначана для правядзення розных сустрэч і мерапрыемстваў сярод жыхароў інтэрната.
Віталь Максімаў адзначае, што выхавацельніцу інтэрната ўжо выклікаў да сябе на размову намеснік начальніка ААПП Кастрычніцкага РУУС г. Мінска Ю. Расолька, які і пры затрыманні пагражаў усім прыцягненнем да адказнасці. Таксама ў дасудовым парадку былі апытаныя і іншыя сведкі.
"Я спадзяюся, што адміністрацыйную справа закрыюць, паколькі няма ні матыву, ні складу правапарушэння. Мы праводзілі нашу праграму ў месцы, прызначаным для такога мерапрыемства, яно не насіла характар масавага або рэлігійнага мерапрыемства", - кажа Віталь.
Нагадаем, у сакавіку 2019 года грамадзяніна РФ Віталія Максімава, які з'яўляецца кіраўніком незарэгістраванай арганізацыі "Царква аб'яднання", выклікалі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі, дзе паведамілі, што нібыта ім было здзейснена сем адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з няправільнай паркоўкай або перавышэннем хуткасці. Мужчыну папярэдзілі, што за здзейсненыя правапарушэнні яго могуць пазбавіць віду на жыхарства і дэпартаваць з краіны.
Пасля гэтага яго некалькі разоў выклікалі на размовы супрацоўнікі КДБ, а праз некаторы час іх мерапрыемства, якое праводзілася ў адным з мінскіх інтэрнатаў, было сарванае прыходам супрацоўнікаў міліцыі.
Крыніца: Ці прызнае суд сустрэчу ў інтэрнаце масавым мерапрыемствам?