Іван Кавальчук паcля выхаду з СІЗА-1. Фота: svaboda.org Увечары 29 чэрвеня з СІЗА-1 выйшлі яшчэ чатыры фігуранты справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, якім зменена мера стрымання на падпіску аб нявыездзе.

На свабоду выйшлі Андрэй Комлік-Ямацін, Дзмітрый Новік, Андрэй Дундукоў і Іван Кавальчук. Першыя трое былі затрыманыя 21 сакавіка, апошні – 23 сакавіка.

Сёння трэці дзень хвалі вызвалення фігурантаў крымінальнай справы, узбуджанай КДБ па артыкуле 287 КК. Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў былі вызваленыя 27 чэрвеня, Уладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Аляксандр Яўдаха і Віктар Данілаў - 28 чэрвеня.

У СІЗА-1 застаюцца Міраслаў Лазоўкі і Віктар Мароз.

Першапачаткова ўсе былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, а пазней ім было прад’яўлена дадатковае абвінавачванне па артыкуле 287 КК “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. Пасля таго, як КДБ спыніў справу па частцы 3 артыкула 293 КК, яны заставаліся пад вартай у межах другой крымінальнай справы сярод 14-ці яе фігурантаў.

Нагадаем, што пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх 14-ці фігурантаў гэтай крымінальнай справы, указаўшы, што паводле заканадаўства доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання і не могуць выкарыстоўвацца ў якасці даказвання. 

Крыніца: З “Валадаркі” выйшлі Новік, Комлік-Ямацін, Кавальчук, Дундукоў