Сёння, 31 сакавіка, ва Ўкраіне праходзіць першы тур выбараў прэзідэнта, удзел у якім бяруць 39 кандыдатаў. Гэта рэкордная колькасць кандыдатаў за ўсю гісторыю Ўкраіны. Участкі для галасавання адкрыліся ў 8:00, і скончаць сваю дзейнасць ў 20.00, пасля чаго пачнецца падлік галасоў выбаршчыкаў. Як паведамляе "Ўкраінская праўда" арыентыровачны колькасць выбаршчыкаў Украіны складае 29 мільёнаў 789 тыс. 643 чалавек. Па звестках Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па стане на 15:00 яўка выбаршчыкаў склала 45,09%, то бок каля 13,5 мільёнаў чалавек.
- Выбаршчыца на выбарчы ўчастак №800588 у Кіеве знаёміцца са спісам кандыдатаў у Прэзідэнты. Фота: ПЦ "Вясна"
Ва Ўкраіне прадстаўлена шырокая сетка назіральнікаў. Для назірання за выбарамі зарэгістраваныя 2344 міжнародных афіцыйных назіральніка ад 19 міжнародных арганізацый і 17 замежных дзяржаў. Прадстаўніца Камітэта выбаршчыкаў Украіны (усеўкраінскай грамадскай арганізацыі, галоўнай задачай якой з'яўляецца назіранне за ходам выбарчых кампаній) паведаміла “Вясне”, што за выбарчай кампаніяй 2019 года зарэгістравалася назіраць 139 грамадзянскіх арганізацый.
За выбарамі Ўкраіны таксама назірае старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына і прадстаўніца Парламента Беларусі Ганна Старавойтава. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс-Захад".
“Вясна” наведала ва ўкраінскай сталіцы выбарчы ўчастак №800588 у Цэнтральным доме афіцэраў Узброеных сіл, дзе галасаваў дзеючы Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.
Негледзячы на тое, што па выбарчым заканадаўстве Ўкраіны кандыдатам у прэзідэнты забаронена весці агітацыю за дзень да выбараў і непасрэдна ў дзень галасавання, на вуліцах Кіева можна сустрэць білборды са "схаванай агітацыі" кандыдатаў, а то і лістоўкі з прамой агітацыяй.
Гэта з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства, як заяўляюць грамадзянскія арганізацыі Ўкраіны.
Наталля Ліннік, намесніца генеральнага дырэктара Камітэта выбаршчыкаў Украіны распавяла “Вясне”, што ў параўнанні з папярэднымі выбарамі выбары-2019 сталі больш дэмакратычнымі:
“Бясспрэчна выбары ва Ўкраіне эвалюцыянуюць. Наша арганізацыя адзначае, што, напрыклад, практычна знікла такое парушэнне, як прымяненне "адміністрацыйнага рэсурсу". Спрыяла гэтаму палітыка дэцэтралізацыі”.
У сувязі з выбарамі ўсе падраздзяленні Міністэрства ўнутраных справаў Украіны ў гэты час працуе ва ўзмоцненым рэжыме.