"Наша Ніва" паведаміла, што за апошні месяц яны зафіксавалі некалькі спробаў незаконных уваходаў у акаўнты супрацоўнікаў газеты.
Гаворка ідзе пра месенджары і сацыяльныя сеткі. У прыватнасці, невядомыя спрабавалі ўзламаць фэйсбук Арцёма Гарбацэвіча і зайсці ў тэлеграм Андрэя Дынько. У сераду, 20 сакавіка раніцай была зафіксавана спроба няўдалага ўваходу ў тэлеграм Кацярыны Карпіцкай.
У апошнім выпадку той, хто спрабаваў гэта зрабіць, карыстаўся спецыяльнымі магчымасцямі і, найхутчэй, меў клон сім-карты, на якую атрымаў дасланы праграмай лічбавы код. Паводле логаў, гэта адбылося раніцай у 06:54. Як атрымаць клон сім-карты? Трэба або фізічна сцягнуць арыгінал і зрабіць яго копію, або запытаць дадзеныя ў мабільнага аператара.
Аднак у акаўнце стаяла двайная аўтарызацыя, таму пасля ўвядзення лічбавага кода праграма запытала дадатковы пароль, які злачынца не ведаў.
Дзеянні такога характару можна трактаваць у рамках крымінальнага кодэксу.
Праз тое, што спроба ўзлому была няўдалай, невядомыя не здолелі знішчыць свае сляды, таму мы маем ІР-адрас, з якога рабілася спроба. Гэта беларускі ІР-адрас. Наяўнасць відавочных слядоў дазваляе звярнуцца да праваахоўных органаў, каб высветліць асобы тых, хто незаконна цікавіўся асабістай і карпаратыўнай інфармацыяй. Таксама гэта пакідае пытанні да мабільнага аператара, у сістэме якога існуе некалькі копій адной сім-карты.
Крыніца: Невядомыя спрабавалі ўвайсці ў facebook i telegram супрацоўнікаў "Нашай Нівы"