Рагачоўскі раённы суд 19 сакавіка адправіў на дапрацоўку ў мясцовы РАУС адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара райцэнтра Сяргея Алексейкава, паведамляе "Гомельская Вясна". Суддзя Валянціна Малюкова, якая разглядала справу, вынесла пастанову аб тым, што міліцыяй не вызначаныя тэрміны пачатку і заканчэння здзяйснення правапарушэння.
У верасні 2018 года Аляксейка пракаментаваў у Facebook у групе "За Еўрапейская Беларусь" матэрыял пад назвай "Спецназавец са Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку". Учынак п'янага былога спецназаўца ён назваў у рэпосце "шуняўскім тэатралам".
Капітан міліцыі Дзмітрый Мазакоўскі склаў у дачыненні да яго адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.11 КаАП, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Прысутны ў судзе гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, акрамя тэрміну здзяйснення так званага парушэння, звяртае ўвагу і яшчэ на адну акалічнасць: сайт анархісцкай суполкі "Прамень" не з'яўляецца аўтарам матэрыялу "Спецназавец са Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку". Публікацыя першапачаткова была размешчана ў слуцкай рэгіянальнай газеце "Інфа-Кур'ер".
"Абвінавачаны міліцыяй Сяргей Аляксейка і ведаць не ведаў пра анархісцкую суполку, занесеную ў спіс экстрэмісцкіх. Па сутнасці, ён перапіс і пракаментаваў публікацыю з сайта Кurjer.info, і за гэта яго спрабуюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта яўная прадузятасць з боку міліцыі", — кажа праваабаронца Судаленка.
Праваабаронца таксама зафіксаваў дапушчанае працэсуальнае парушэнне з боку раённай суддзі. Разглядаючы хадайніцтва асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці аб вядзенні відэазапісы працэсу, суддзя абмовілася "Не прадугледжана законам".
Крыніца: Суд не прыцягнуў да адказнасці мясцовага жыхара за репост у Facebook