Мікалай Дзядок Праз амаль восем месяцаў з дня налёту на нефармальную сустрэчу анархістаў пад Крупкамі Мікалаю Дзядку вярнулі канфіскаваныя нажы.

Пасля некалькіх адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі САХРа, ГУБАЗіКа, Крупскага РАСКа і Крупскага РАУСа пры затрыманні і ператрусах актывістаў, пракуратура Крупскага раёна ўсё ж такі ўгледзела некаторыя парушэнні.

Хоць пракурор Дзмітрый Макарэвіч у сваім адказе Мікалаю Дзядку і адзначае, што ў ходзе агляду на месцы вытворчасці следчага дзеяння канфіскацыі падлягаюць толькі тыя аб'екты, якія могуць мець дачыненне да крымінальнай справы або матэрыялаў, а такім чынам «супрацоўнікамі Крупскага РАУС і Крупскага РАСК пры правядзенні агляду месца здарэння і канфіскацыі маёмасці, якая належыць яму,  парушэнняў дзеючага заканадаўства дапушчана не было». Адначасова з гэтым ён указвае, што пры адсутнасцi падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы орган дазнання, следчы, пракурор выносяць матываваную пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, дзе сярод іншага ўказваецца рашэнне пра лёс канфіскаваных падчас правядзення праверкі слядоў, прадметаў і дакументаў.

«Пры вывучэнні матэрыялу праверкі ўстаноўлена, што пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, вынесеная старэйшым оперупаўнаважаным АУР Крупскага РАУС Палюховіч І., была вынесеная незаконна, паколькі не вырашаны лёс канфіскаваных падчас правядзення праверкі прадметаў і дакументаў», - падкрэслівае Дзмітрый Макарэвіч.

Ён паведаміў Мікалаю Дзядку, што рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было пракуратурай адмененае, матэрыял накіраваны на дадатковую праверку, а ў адносінах да оперупаўнаважанага І. Палюховіча была вынесеная пастанова аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці. Пракурор таксама напісаў, што для вяртання маёмасці, якая належыць анархісту, неабходна звяртацца ў Крупскі РАУС з адпаведнай заявай.

Аднак, як напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікалай Дзядок, супрацоўнікі Крупскага РАУС самі прывезлі канфіскаванае яму ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска 6 сакавіка.

6 сакавіка, на трэці дзень затрымання, чакаем суда ў Цэнтральным РАУС, добрыя паўтары гадзіны я і яшчэ каля 10 адміністрацыйна затрыманых стаім тварам да сцяны.

Тут ззаду мяне завуць двое ў цывільным: "Мікалай, гэта вы?".

"Я", - кажу.

"Нажы свае будзеце забіраць?"

Тут трэба сказаць, што падчас захопу анархістаў у Крупках 7 месяцаў таму ў мяне канфіскавалі "для экспертызы" два нажы: адзін Кізляр паляўнічы, адзін складаны (на самай справе ім вельмі хацелася знайсці ў нас нейкую зброю, але яе не было, таму абмежаваліся нажамі, якія нават не з'яўляюцца халоднай зброяй).

Канфіскавалі і не вярнулі. Напісаў адну скаргу - ігнор. Напісаў другую. Прайшло паўгода - нічога.

І тут, аказваецца Крупскія мянты, даведаўшыся пра маё затрыманне, прыехалі ў Мінск (!) і вырашылі скарыстацца выпадкам, каб вярнуць мне гэтыя два нажы. Во, думаю, знайшлі час за паўгода, калі мне як раз да іх.

Mikola Dziadok

Мікалай Дзядок лічыць, што недарэмна змагаўся за вяртанне сваіх рэчаў:

«Па-першае, мае рэчы каштавалі нармальных грошай. Паляўнічы нож я неяк купіў на дзень нараджэння, і ён даволі якасны, таму было яго проста шкада. Па-другое - з прынцыпу: што гэта такое - забралі мае рэчы і не аддаюць? Калі спусціць ім гэта, то хутка і грошы пачнуць адбіраць проста ў нахабную».

Ён лічыць, што часта супрацоўнікі міліцыі не вяртаюць канфіскаваную маёмасць па двух прычынах: самі людзі недастаткова настойліва патрабуюць вяртання, а таксама існуе агульная атмасфера беспакаранасці і ўседазволенасці сярод міліцыянтаў з папушчальніцтва іх начальства. Мікалай Дзядок лічыць, што больш-менш эфектыўных рычагоў ціску не так і шмат, але ўсё ж такі варта пісаць скаргі і агучваць такія факты ў СМІ, а таксама звяртацца па дапамогу да праваабаронцаў.

https://spring96.org/be/news/92028

Вось ужо 11 месяцаў грамадзянка А. не можа дамагчыся вяртання грошай і ноўтбука, канфіскаваных у яе на расейска-латвійскай мяжы, а пазней перададзеных беларускаму боку.

Нагадаем, што 30 чэрвеня ў лесе за некалькі кіламетраў ад п. Крупкі каля 20 анархістаў вырашылі арганізаваць нефармальную сустрэчу. У ёй браў удзел журналіст і былы палітвязень Мікалай Дзядок. Паводле яго слоў, каля паловы чацвёртай дня людзі ў камуфляжы і ў масках без усялякіх падстаў, паралельна страляючы з аўтаматаў, брутальна затрымалі яго і яго таварышаў. Анархістаў штурхалі, ставілі на калені і прасілі на камеру называць свае дадзеныя. Некалькі гадзін яны стаялі на каленях у дождж, а Дзядок ляжаў на мокрай зямлі ў кайданках. У выніку аператыўнікі абшукалі палаткі, узялі тлумачэнні і канфіскавалі для экспертызы налепкі і брашуры. Апошнія сілавікі з'ехалі з месца затрымання толькі пасля дзесяці гадзін вечара.

Крыніца: Мікалай Дзядок: "Калі спусціць ім гэта, то хутка і грошы пачнуць адбіраць у нахабную"