Берасцейскага актывіста Віталя Казака выклікалі 15 сакавіка ў апорны пункт міліцыі па вул. Набярэжнай на 14 гадзін. Праз некалькі гадзін адтуль яго накіравалі ў Ленінскі РАУС г. Брэста, а затым змясцілі да суда ў ізалятар часовага ўтрымання.
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, апошнім часам Віталь Казак разам з паплечнікамі займаўся ўшанаваннем памяці закатаваных жыхароў гораду ў часы нямецкай акупацыі. Парэшткі людзей былі знойдзеныя ў адным з кварталаў колішняга Берасцейскага гета, на месцы якога мусіў вырасці элітны жыллёвы квартал.
З гэтай нагоды Віталь правёў шэраг акцыяў памяці ахвяраў тых часоў: – Адначасова выкопваюцца парэшкі сотняў закатаваных, хачу падкрэсліць, не габрэяў толькі, а берасцейцаў. Яны нашыя грамадзяне. І ніхто не збіраецца ўшанаваць іх памяць. Абмежавацца тым, што там стаіць памятны знак.
Як стала вядома мясцоваму праваабарончаму цэнтру, Віталь Казак 15 сакавіка а 14-й гадзіне мусіў з’явіцца ў пастарунак міліцыі на набярэжнай імя Францыска Скарыны. Па ягонаму меркаванню, выклікалі яго на размову адносна адной са сваіх акцыяў, прысвечаных ахвярам гета. Актывісту з пастарунку самастойна выйсці не ўдалося, бо яго адвезлі ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця. Па інфармацыі праваабаронцаў яго пратрымаюць там да панядзелка, пасля чаго адбудзецца суд.
“Па папярэдняй інфармацыі інкрымінуюць Віталю “дробнае хуліганства” (арт 17.1 КаАП РБ), мажліва па двух эпізодах”, – зазначылі праваабаронцы.
Крыніца: Берасце: актывіст Віталь Казак да суда змешчаны ў ІЧУ