З вышыні 21-га паверху гатэля відаць, што Грозны ляжыць у даліне Сунжы. У далечыні бачныя плаўныя лініі цёмных ўзгор’яў. Мы кідаем свае заплечнікі і ідзем у горад каб даведацца, ці насамрэч такі грозны гэты Грозны. Мы выходзім з агароджанай тэрыторыі Грознага-сіці і ідзем направа, па мосьце над хуткай Сунжой. Справа ад нас стаіць вялізны мячэт з высачэзнымі вострымі мінарэтамі. Побач з намі ідзе сям’я: муж з жонкаю і двое малых. Відаць, што яны, як і мы, не мясцовыя. Мы фоткаемся на мосьце, і яны фоткаюцца. Мы фоткаемся каля мэчэту, і яны таксама. Урэшце мы фатаграфуем на іхні тэлефон іх усіх разам, а яны – нас, як самыя сапраўдныя турысты дзе-небудзь у Празе ці ў Парыжы. Турысты – цікаўны народ. Дзе іх толькі няма. Нават у Паўночную Карэю езьдзяць, і ў Чарнобыльскую зону, вось урэшце дабраліся і сюды.
Я пазнаю гэты багаты мячэт з мармуровымі сьценамі, вялізнай галерэяй і паркам навокал. “Сэрца Чачні” імя Ахмата Кадырава, адзін з самых вялікіх мячэтаў у сьвеце, вядомы па сучасных відарысах Грознага ў сеціве. Ён разьлічаны на дзесяць тысячаў вернікаў. Праектавалі, будавалі і аздаблялі мячэт туркі.
Мы праходзім вялікую пустую плошчу. На ёй топчуцца некалькі паліцыянтаў, ляжаць прывезеныя яліны, зь якіх, мабыць, будуць мантаваць навагоднюю елку, і болей ні душы. Мы ідзем далей, як аказалася – чытаем на шыльдах – па праспекце Уладзіміра Пуціна. Гэта ўражвае мяне. Бо нашая савецкая тапаніміка Менску ды іншых беларускіх гарадоў і мястэчак ужо прыелася, прыміргалася і не выклікае ў нас амаль што ніякай рэакцыі. На гэтыя Савецкія, Леніна, Камуністычныя, Калініна ў Менску хіба што ніхто ўжо не зьвяртае ўвагу. Толькі замежнікі ціха вохаюць: камуністычны запаведнік! А тут – іншае, сьвежае, сёньняшняе. Гэтае ўражаньне ўзмацняюць партрэты Ахмата і Рамзана Кадыравых і Ўладзіміра Пуціна. Шматлікія, у розных фарматах: і круглыя, і простакутныя, і на білбордах, і на фасадах дамоў. Такога я ня памятаю і па брэжнеўскіх 70-х. Партрэты з Брэжневым ды з таямнічымі старцамі, членамі палітбюро, звычайна, насілі на сьвяточных дэманстрацыях, а потым хавалі іх некуды ў стобкі да наступных камуністычных сьвятаў. Хіба што пры Сталіне так было, як зараз тут, у Грозным.
На прасьпекце багата міліцыянтаў, усе са зброяй. Мы праходзім цэлы шэраг аптэкаў. З двух бакоў прасьпекту – адныя аптэкі. Хлопцы, якія сустракаюцца нам, у асноўным каржакаватыя, ходзяць шырока расстаўляючы ногі і выпяціўшы грудзі, як барцы. У бейсболках, джынсах, спартовых куртках, барадатыя, як на падбор.
Дзяўчаты – у разнастайных “касухах” – кароткіх скураных куртках, і ў доўгіх спадніцах, у прыталеных паліто, і ўсе ў прыгожых высокіх ботах. Багата хто ў хустках, часта – у густоўных, але ня ўсе. Бледныя абліччы, па-усходняму густы макіяж. Сустракаюцца пажылыя ўжо дзядзькі ў барашкавых кубанках. Урэшце парад аптэкаў скончыўся, і мы ідзем паўз кавярні, піцэрыі, шакаладні. За вялізнымі шыбамі сядзяць за столікамі, мірна гамоняць пераважна дзяўчыны.
Урэшце праспект упіраецца ў Плошчу дружбы народаў. За скверыкам, які мае дзіўную назву – сквер Журналістаў, і ў якім ходзіць, туляецца ад суму, з аўтаматам на плячы паліцыянт, праглядаецца комплекс музея Ахмата Кадырава. Не, туды мы ня пойдзем. Мы паварочваем направа і бачым, што з праспекта Пуціна зьвярнулі на вуліцу Нурсултана Назарбаева. Я ўглядаюся і бачу замаляваную ранейшую назву вуліцы. Назарбаеву саступіў Уладзімір Маякоўскі. Мы сьмяемся, уяўляючы, што зараз вынырне дзе збоку завулак Лукашэнкі, калі ня Аляксандра, дык хоць Віктара, які ня так даўна таксама быў у Грозным. Толькі хадзіў і езьдзіў ён зусім па іншых месцах, чым зьбіраемся мы.
Мы ідзем далей, бачым высокі будынак Дома друку. Сяржук згадвае, што чатыры гады таму, у сьнежні 14-га, чачэнскія ці то партызаны, ці то баявікі напалі на нарад ППС-нікаў, забілі іх, а затым заскочылі ў Дом друку і трымалі там абарону. Будынак расстралялі з бронетранспарцёраў і гранатамётаў, ён цалкам выгарэў. А партызаны адступілі ў школу, адкуль іх ужо і не выпусьцілі. Кадыраў тады адкрыта абвясьціў, што ў адместку ўлады будуць паліць дамы блізкіх сваякоў партызан, а іхнія сем’і будуць выганяць з Чачні. Урэшце так кадыраўцы рабілі і ўсе папярэднія гады.
Ідучы па вуліцы Назарбаева, аглядаючы крамкі і кавярні, якія густа займаюць першыя паверхі дамоў, гусьцей, чым у Менску, мы даходзім да знаёмага нам ужо базару, дзе сёньня мы ўжо мянялі грошы. Пры галоўнай браме зь дзьвух бакоў прадаюць лаваш. Прылаўкі заваленыя высокімі стосамі тоўстых хлебных блінцоў-круглякоў. Мы купляем адзін і пытаемся, як называецца рынак.
“Беркат”, – адказвае маладзіца-прадаўшчыца.
“А што гэта значыць?” – пытаюся я.
“На чачэнскай гэта – дастатак”, – адказвае яна.
Мы праходзім далей, народу небагата, не параўнаць з нашай Камароўкай. Мы купляем у азербайджанца хурму, мандарыны, адную вялізную, на паўкілі, памідорыну. Усё прывезена з Азербайджану. Ён узважвае, ня гледзячы на вагі, перакідвае пакункі туды-сюды. Я адвык ужо ад усходніх рынкаў, адчуваю, што пераплочваем разы ў паўтары, але няхай. Мы перамяшчаемся да суседняй прадавачкі чачэнкі, купляем у яе дзьве ігрушыны. Там гандаль ідзе зразумела і годна. Чачэнкі, разумею я, як у асноўным і беларускія прадавачкі, не гандлююцца і не ашукваюць пакупнікоў.
Мы вяртаемся і па дарозе заходзім у кавярню. За намі зайшла таксама і маладзенькая цыганка з маленькаю дачкой. Дзяўчынка адразу пабегла ад стала да стала, просячы грошы. Дзьве чачэнскія афіцыянткі спакойна, без абразаў і гвалту выправаджваюць іх на вуліцу. Мы замаўляем абед: люля-кебаб і гарбату з цынамонам. Побач за столікам сядзяць дзьве маладыя чачэнкі. Міжволі я прыслухоўваюся да іхняй размовы. Усё, як і ў нашых дзяўчат: гавораць пра сваіх сябровак і пра хлопцаў. Размаўляюць па-руску, толькі часам, калі гаворка мабыць ідзе пра патаемнае, пераходзяць на чачэнскую. Так і размаўляюць на дзьвух мовах. Адная зь іх павязаная дзьвума хусткамі. Тонкая цёмная хустачка шчыльна аблягае галаву і зьверху каляровая хусьціна завязаная больш свабодна. Другая – з непакрытай галавой.
Мы абедаем. Люля-кебаб ня горшы чым колісь я еў у Баку. У Баку я быў ужо даўно, 15 гадоў таму на першых прэзідэнцкі выбарах Ільхама Аліева. Вясноўцы тады назіралі за выбарамі ў місіі няўрадавых арганізацыяў пад эгідай АБСЕ. Нашая місія прызнала выбары нелігітымнымі, але гэта не зашкодзіла міжнароднаму прызнаньню вынікаў выбараў. І вось ужо 15 гадоў сынок былога прэзідэнта Азербайджану Гейдара Аліева – Ільхам, сядзіць на пасадзе.
Калі ён займаў пасаду прэзідэнта, ён абяцаў, што “дэмакратыя ў Азербайджане атрымае далейшае разьвіцьцё, будуць забясьпечаныя палітычны плюралізм і свабода слова”. Абяцанкі-цацанкі. З дэмакратыяй ў Азерайджане за гэты час стала яшчэ горш. Зьнікла парламенцкая апазіцыя, багата хто з палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў за гэты час адсядзеў у турме, вымушаны быў зьехаць з краіны ці нізка пакланіцца дыктатару. Захад у асноўным з геапалітычных прычынаў заплюшчвае вочы на парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане.
Я з трывогай думаю, каб хоць і Лукашэнка не пайшоў па гэтым жа шляху перадачы ўлады камусьці з сваіх сыноў. Хоць ён зараз і клянецца, што не зьбіраецца так рабіць, але ж верыць ягоным кляцьбам не даводзіцца. Так і Ільхам некалі казаў, што не зьбіраецца ні ў якім выпадку замяняць бацьку. Словы для іх – пустая вадзіца.
Алесь Бяляцкі
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў
Крыніца: Блог Алеся Бяляцкага: VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі