Прысутныя на судовым паседжанні па справе Аюба Ціціева 11 сакавіка 2019 года. Фота з сацсетак 11 сакавіка ў Шалінскім судзе г. Грозны пачаліся спрэчкі бакоў па справе кіраўніка аддзялення ПЦ "Мемарыял" у Чачні, праваабаронцы Аюба Ціціева. Яго абвінавачваюць у захоўванні наркотыкаў па ч. 2 арт. 228 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі.

titiev_sud3_11.03.jpg
Аюб Ціціеў у судзе

Пракурор Джабраіл Ахматаў, лічыць, што віна праваабаронцы даказаная, ён запрасіў для Аюба Ціціева чатыры гады пазбаўлення волі са штрафам у 100 000 расійскіх рублёў.

На судзе прысутнічаюць прадстаўнікі Мемарыялу, Human Rights Watch, Грамадзянскага садзейнічання, Маскоўскай Хельсінкскай Групы, Грамадскага вердыкту, FIDH, OMCT, Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека. Сярод прысутных у зале суда старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі.

titiev_sud2_11.03.jpg
Алесь Бяляцкі ў залі суда

З боку абароны выступае адвакатка Марына Дубровіна. Яна заяўляе, што Аюб Ціціеў не мае ніякага дачынення да наркотыкаў, а пераследуюць яго за ягоную працу. Аюбу і іншым супрацоўнікам "Мемарыялу" у Чачні не раз пагражалі. Некаторыя былі вымушаныя з'ехаць з Расіі.

За 17 гадоў працы Оюб ніколі не адчуваў сябе ў бяспецы.

Марына Дубровіна апісвае, як калегі 9 студзеня раніцай шукалі яго, як высветлілі, дзе ён знаходзіцца. Тады прыйшлося прыцягваць кіраўніка прэзідэнцкага савета па правах чалавека Міхаіла Фядотава. Яму стала вядома ад Хеды Саратавай, мясцовай грамадскай дзяячкі, што Аюб сапраўды затрыманы і знаходзіцца ў Курчалоеўскім АМУС.

Віна Аюба Ціціева не даказаная, упэўненая адвакатка.

Версія Аюба пацвярджаецца паказаннямі сведкі Усмана Юсупава, з якім яны павінны былі сустрэцца раніцай.

У судзе сведкі абароны распавядалі, якую вялікую працу, у тым ліку сацыяльную, рабіў Аюб Ціціеў у Чачні. Гэта аднаўленне школ, дапамога ім. А таксама маніторынг умоваў утрымання выхадцаў з Каўказа ў месцах пазбаўлення волі.

Многія сведкі далі праваабаронцу станоўчую характарыстыку, ён вядзе здаровы лад жыцця, выконвае ісламскія традыцыі. Ніхто з іх не верыць, што Аюб мае нейкае дачыненне да наркотыкаў. Гэта не вяжацца з яго асобай.

Абвінавачванне ж не прадаставіла доказаў таго, што наркотыкі маюць дачыненне да праваабаронцы. Марына Дубровіна просіць апраўдаць Аюба Ціціева.

У судзе абвешчаны перапынак да 13:00.

Нагадаем, праваабаронца і кіраўнік чачэнскага аддзялення «Мемарыялу» Аюб Ціціеў быў затрыманы 9 студзеня 2018 года ў Чачні і знаходзіцца пад арыштам па абвінавачванні ў захоўванні 200 грамаў марыхуаны. Сам ён не прызнае сваёй віны, а яго абарона настойвае, што наркотыкі яму былі падкінутыя, а справа супраць яго сфабрыкаваная.

У канцы кастрычніка міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International перадала ў адміністрацыю прэзідэнта Расіі больш за 169 тысяч подпісаў з розных краін з патрабаваннем адпусціць Аюба Ціціева, а таксама спыніць ціск на праваабаронцаў і забяспечыць справядлівае расследаванне іх спраў.

Чытайце таксама:

Крыніца: Пачаліся спрэчкі бакоў па справе праваабаронцы Аюба Ціціева Дапоўнена