Сяргей Аляксейкаў Як паведамляе "Гомельская вясна", 19 сакавіка ў судзе Рагачоўскага раёна пачнецца адміністрацыйны працэс у дачыненні да мясцовага жыхара Сяргея Аляксейкава. Супраць яго склалі адміністрацыйны пратакол, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).

Яшчэ 27 верасня мінулага года на сваёй старонцы ў сацсетцы «Фэйсбук» мужчына падзяліўся публікацыяй з заблакаванага сайта анархісцкай групы «Прамень».

«У райаддзеле капітан міліцыі Дзмітрый Мазакоўскі прад'явіў скан маёй старонкі ў Фэйсбуку. Каментуючы ў групе «За Еўрапейскую Беларусь» матэрыял пад назвай «Спецназавец са Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку», я напісаў: шуняўскі «тэатрал». Аказалася, што гэтая інфармацыя з заблакаванага сайта анархістаў, які ўключаны ў спіс экстрэмісцкіх», - тлумачыць мужчына.

На думку праваабаронцы Леаніда Судаленкі, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм». У дадзеным выпадку, незразумела, чаму каментар пад інфармацыяй пра забойства супрацоўнікам міліцыі двухгадовага дзіцяці прыроўнены да экстрэмізму.

Нагадаем, 7 сакавіка ў Гомелі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. Мужчына ў сацсетцы «Фэйсбук» падзяліўся публікацыяй «Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў».

Згодна з ч. 2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Крыніца: Жыхара Рагачова чакае суд за каментар у сацсетцы