Праваабаронца Алена Маслюкова. Фота: belapan.by Шостага сакавіка ініцыятыўная група, якая выступае супраць завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску, сустрэлася з кіраўніком канцэрну “Беллеспаперпрам” Юрыем Назаравым.

«Наведнікаў цікавілі такія пытанні, як ачыстка ліўневых сцёкавых вод, спальванне смярдзючых газаў, якія ўтвараюцца пры вытворчасці цэлюлозы, тэхналогіі варкі цэлюлозы, пытанні замераў хімічных злучэнняў, шуму, тэрмінаў пусканаладачных работ і шэраг іншых», — паведаміла прэс-служба канцэрну пасля візіту.

Пра вынікі сустрэчы прадстаўнікі ініцыятыўнай групы распавялі ПЦ “Вясна”.  

Актывіст ініцыятыўнай групы Анатоль Змітровіч:

“Мы падрыхтавалі 15 пытанняў у пісьмовай форме і яшчэ каля дзясятка было задана вусна, на якія яны паабяцалі даць адказы. Я лічу гэты дыялог канструктыўным, бо мы наведваем не першае міністэрства, і гэтыя візіты заўсёды даюць нейкі вынік. Бо калі б мы нікуды не ездзілі, то сітуацыя б ніяк з месца не рухалася. Зараз кіраўнік канцэрну распавёў, што разглядаецца магчымасць спальвання ў спецыяльных катлах шкодных метылмеркаптанаў, якія забруджваюць паветра. Які менавіта спосаб яны абяруць – гэты іх пытанні, аднак ён паабяцаў абавязкова нас запрасіць і паказаць вынікі. Таксама кіраўнік пазітыўна ацаніў нашу працу ў тым кантэксце, што мы ўвесь час прымушаем іх “рухацца ў экалагічным накірунку”. Спадзяемся, што гэта пачатак канструктыўнага супрацоўніцтва,  якога мы так доўга чакалі”.

Актывістка ініцыятыўнай групы, праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова:

“Варта адзначыць, што ўзровень прыёму быў значна лепшы, чым, напрыклад, у Мінпрыроды. Было зразумела, што ў старшыні канцэрну “Беллеспаперапрам” Юрыя Назарава інтарэс да гэтай сустрэчы быў таксама. Хоць пачалася яна даволі напружана: і старшыня канцэрну, і я дазволілі сабе перайсці на павышаны голас.

Нам сказалі, што праект адзін у адзін выкананы згодна з дакументацыяй, аднак мы, калі знаёміліся, знайшлі там вельмі шмат хібаў. Дык чаму ён не працуе, раз усё згодна з дакументацыяй? Чаму там і там непаладкі, і завод усё ніяк не можа выйсці на заяўленую ў праекце магутнасць? Альбо неправільна праект распрацавалі, альбо неправільна зрабілі экспертызу. Назараў адзначыў, што завод дакладна будзе запушчаны. Мы не супраць таго, каб завод працаваў. Але толькі ў тым выпадку, калі ён будзе адпавядаць усім экалагічным стандартам і не парушаў экалагічную сітуацыю ў рэгіёне”.

Алена Маслюкова ацэньвае сустрэчу збольшага пазітыўна, хоць старшыня канцэрну і сказаў, што частцы інфармацыі светлагорскіх наведвальнікаў не давярае і абяцаў яе праверыць.

У “Беллеспаперпраме” паведамілі, што завод беленай цэлюлозы плануюць запусціць на поўную магутнасць прыкладна ў верасні месяцы бягучага года.

  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: “Завод дакладна запусцяць”. Актывісты са Светлагорску сустрэліся са старшынёй “Беллеспаперпрама” Аўдыё