Актывіст з Жодзіна Андрусь Кашэўскі атрымаў па пошце позву ў Цэнтральны РУУС Мінска.
Яго выклікаюць у якасці асобы ў дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс па арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Позва выпісаная на 15-30 4 сакавіка.
Размова йдзе пра акцыю “Свабоду палітвязням”, якая прайшла 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
У той дзень на плошчу выйшлі 10 чалавек, каб выказаць падтрымку зняволеным па палітычных матывах. Яшчэ да пачатку несанкцыянаванай акцыі каля свайго дома быў затрыманы палітык Павел Севярынец. Пасля акцыі затрымалі Вольгу Нікалайчык і Арцёма Чарняка. На наступны дзень быў затрыманы Леанід Кулакоў, а 28 лютага - Мая Навумава. Суды над актывістамі не адбыліся ні 27-га, ні 28-га лютага, а ўсе гэтыя дні актывісты знаходзіліся ў ІЧУ на вул. Акрэсціна ў статусе адміністрацыйна затрыманых.
У выніку Севярынца прызналі вінаватым і пакаралі 10 суткамі арышту.
Леанід Кулакоў, Мая Навумава і Вольга Нікалайчык атрымалі штрафы памераў 45 базавых велічынь кожны (1147,5 рублёў).
4 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска быў затрыманы Мікола Дзядок. Меркавана ягонае затрыманне таксама звязана з ўдзелам у акцыі "Свабоду палітвязням". Пакуль невядома, ці будуць яго да суда змяшчаць у ізалятар часовага ўтрымання.
Крыніца: Выклік у міліцыю за акцыю на Кастрычніцкай плошчы Мінска