Берасце. Чарговая акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем адбыоася ў мінулую нядзелю ў горадзе над Бугам. На самым пачатку “кармлення галубоў” былі затрыманыя журналісты-фрылансеры Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук. Іх даставілі ў апорны пункт міліцыі. Да Алеся Ляўчука была выкарыстана фізічная сіла.
Тым часам каля 200 берасцейцаў абменіваліся апошняй інфармацыяй датычнай будовы і запуску акумулятарнага завода. Затым людзі прайшліся па вуліцах горада. Каб не даваць падстаў дзеля неадэкватных дзеянняў міліцыі праціўнікі будовы завода АКБ прытрымліваліся правілаў дарожнага руху.
Завяршылася нядзельнае кармленне галубоў ля кінатэатра “Беларусь”.
Гомель. Больш за сто чалавек сабраліся ў нядзелю ў адным з двароў Навабеліцкага раёна. Прычына, якая прымусіла людзей у свой выхадны пакінуць цёплыя дома і кватэры, - пратэст супраць працы ААТ "Гомельшпалеры", дакладней - адной з нядаўна уведзеных тэхналагічных ліній фабрыкі. Год таму прадпрыемства запусціла новую вытворчасць вінілавых шпалер, піша TUT.BY.
З тых часоў людзі скардзяцца на моцны атрутны пах у акрузе і гул і параўноўваюць тое, што адбываецца з чарнобыльскай катастрофай у асобна ўзятым мікрараёне.
Да жыхароў выйшлі старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Сушчэвіч, галоўны санітарны лекар вобласці Аляксандр Тарасенка і намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы шпалернай фабрыкі Віктар Кушнер.
- Мы клікалі адміністрацыю горада і фабрыкі, а «на распяцце» яны кінулі вас, - абурыліся прысутныя. За гэты год у іх назапасілася шмат прэтэнзій і пытанняў, але галоўны: калі іх перастануць «цкаваць»?
Пратэст супраць працы ААТ "Гомельшпалеры". Фота: TUT.BY
Мясцовы жыхар Сяргей Бабіцкі упэўнены, што ўсе праблемы з-за таго, што на прадпрыемстве, калі набывалі новыя лініі, зэканомілі на печы дапалу. Ваенны фізік па адукацыі, ён кажа, што перашуфляваў гару спецыяльнай літаратуры - і цяпер, лічыць, разбіраецца ў вытворчасці вінілу не горш за інжынераў.
- Пры вытворчасці вылучаецца хлорысты вініл. Гэта канцэраген. Калі ў паветры гэты пах, гэта азначае, што ёсць перавышэнне ПДК ў разы.
Чыноўнікі запэўніваюць: усё пад кантролем. Хоць і прызнаюць, што праблемы ёсць: да прыкладу, тыдзень таму праца ўчастка на шпалернай фабрыцы зноў была прыпыненая.
Светлагорск. Мясцовыя экалагічныя актывісты вышлі на цэнтральную плошчу горада, каб падтрымаць мітынгуючых берасцейцаў.
“Мы супраць шкодных вытворчасцяў, супраць шкодных выкідаў з завода беленай цэлюлозы!”, - напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку праваабаронца Алена Маслюкова
Крыніца: Берасце, Гомель, Светлагорск: экалагічныя балячкі Беларусі Фота