Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Фота: baj.by Журналісты-фрылансеры Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава накіроўваліся 3 сакавіка да прыпынку грамадскага транспарту, каб паехаць на плошчу Леніна, дзе па нядзелях збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам.

Як паведамляе Служба маніторынгу ГА «БАЖ», да журналістаў падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі праследаваць з імі ў апорны пункт аховы правапарадку. Калі Алесь Ляўчук паспрабаваў запярэчыць гэтай прапанове, міліцыянты ўжылі фізічную сілу і нават спрабавалі выкарыстаць наручнікі.

Падчас затрымання Мілана Харытонава вяла трансляцыю у Facebook.

Яна выказала меркаванне, што супрацоўнікі міліцыі атрымалі загад не дазволіць журналістам трапіць на чарговую сустрэчу праціўнікаў акумулятарнага завода і зрабіць рэпартаж з гэтай падзеі.

У выніку на Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву ў міліцэйскім пастарунку склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 22.9 КаАП  (за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі, маючы на ​​ўвазе тэлеканал “Белсат”). Адпусцілі прыкладна праз дзве гадзіны пасля затрымання.

Cёння журналістаў чакае суд.

Летась паводле гэтага артыкула Ляўчука і Харытонаву судзілі шэсць разоў (агульны штраф склаў больш за 10 тысяч рублёў), а сёлета — яшчэ двойчы і менавіта за асвятленне акцый праціўнікаў акумулятарнага завода.

Так, 9 студзеня суддзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Шурын аштрафаваў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонава на 50 базавых велічынь кожнага (1275 рублёў). 30 студзеня гэты ж суддзя вынес новае пакаранне журналістам, якое таксама склала па 50 базавых велічынь. У судовым рашэнні было адзначана, што віна Ляўчука і Харытонавай палягала ў тым, што яны, “выконваючы функцыі журналістаў замежнага сродку масавай інфармацыі без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў злоўжывалі правамі і парушылі абавязкі журналістаў”, калі бралі інтэрв’ю на плошчы — падрыхтавалі матэрыял, які пазней быў размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.

Крыніца: Журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву чакае суд у Берасці