28 лютага ў Брусэлі на 7-ым Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання прайшла панэльная дыскусія "Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць смяротнае пакаранне?"

Удзел у ёй бралі прадстаўнікі ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і Андрэй Палуда, спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын і кіраўніца аддзела па каардынацыі і міжнародным супрацоўніцтве Генеральнага ўпраўлення па правах чалавека і вяршэнства права Савета Еўропы Таццяна Тэрмачыч, сваякі пакараных Любоў Кавалёва і Аляксандра Якавіцкая, а таксама прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі, у тым ліку Алег Краўчанка і Андрэй Навумовіч.

Мадэратарам дыскусіі выступіла Юлія Уанон з Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека (FIDH).

У сваім выступе Валянцін Стэфановіч распавёў пра тое, як смяротнае пакаранне выглядае зараз у Беларусі паводле працэдураў і заканадаўства. На пачатку ён адзначыў, што смяротнае пакаранне – гэта наша мінулае, якое перакачавала з савецкага часу, дзе яно выкарыстоўвалі ў розныя часы па-рознаму, у тым ліку па эканамічных артыкулах.

“І негледзячы на тое, што з 1999 года назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя на зніжэнне колькасьці смяротных прысудаў у Беларусі, усё адно ў Мінску дагэтуль яны прыводзяцца ў выкананне”,  - сказаў Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца падкрэсліў і такія прававыя праблемы, як вынясенне смяротных прысудаў Вярхоўным судом у якасці першай інстанцыі, калі асуджаныя не маюць магчымасці абскардзіць такое рашэнне ў апеляцыйным парадку, а працэдуры нагляднага абскарджвання ўступіўшага ў законную сілу прысуду не можа быць эфектыўнай мерай абароны па шэрагу прычын, у тым ліку таму, што не праводзіцца новае судовае паседжанне, скаргу асабіста разглядае службовая асоба, якая мае права выносіць пратэсты на прысуды, наноў нікога не апытваюць.

“У выніку смяротныя прысуды часта прыводзяцца ў выкананне вельмі хутка, на працягу двух месяцаў пасля вынясення, як гэта было ў выпадку з Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым”, - сказаў Валянцін Стэфановіч.

Ён звярную ўвагу прысутных і на праблему ігнаравання Беларуссю механізмаў ААН – не выкананне рашэнняў Камітэта па правах чалавека і спецыяльных працэдураў.

“Мы ўжо маем дзесяць такіх выпадкаў, калі пасля рэгістрацыі індывідуальных зваротаў у КПЧ, людзі былі растраляныя, не гледзячы на тое, што Камітэтам былі распачатыя тэрміновыя працэдуры. І ўжо сем рашэнняў Камітэт вынес аб прызнанні парушэння права на жыццё Рэспублікай Беларусь”,  - адзначыў праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч не мае адказу на пытанне, чаму Беларусь дагэтуль прымяняе смяротнае пакаранне:

“З аднаго боку, Беларусь – тыповая постсавецкая краіна, у якой багата праблемаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека, якія традыцыйна крытыкуем і мы, і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў. А з іншага боку ў нашай краіне няма ні міжнацыянальных канфліктаў, ні міжрэлігійных канфліктаў, таму мы лічым, што ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне і яго адмена залежыць толькі ад палітычнай волі кіраўніцтва краіны”.

Праваабронцы выступаюць катэгарычна супраць правядзення рэферэндума па пытанні адмены смяротнага пакарання.

said-ivent-2019-6.jpg
Праваабаронцы Андрэй Палуда, Юлія Уанон, Валянцін Стэфановіч і іншыя

Кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Андрэй Навумовіч падчас свайго выступу сказаў, што яны актыўна працуюць, ездзяць па рэгіёнах пры падтрымцы Брытанскай амбасады з экспертамі міжнароднымі, сустракаюцца са студэнтамі і г.д. Калі яго спыталі: “Што ж будзе вызначэнннем эфектыўнасці працы вашай камісіі?”, ён адказаў, што калі адсотак людзей, што выступаюць у падтрымку смяротнага пакарання, стане ніжэй за 50% , тады гэта будзе падставай для прыняцця адпаведных рашэнняў.

На што прадстаўнікі міжнародных арганізацый адказалі, што грамадская думка нестатычная, і яны не ведаюць прыкладаў, калі смяротнае пакаранне адмянялася ў выніку рэферэндумаў.

Нагадаем, з 26 лютага па 1 сакавіка ў Брусэлі (Бельгія) праходзіць 7-ы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання - найбуйнейшая сусветная падзея, прысвечаная адмене смяротнага пакарання.

Кангрэс аб'яднаў палітыкаў, актывістаў, юрыстаў, даследчыкаў і іншых людзей, якія ўдзельнічаюць у барацьбе за адмену смяротнага пакарання. Чакаецца, што штодня на кангрэсе будуць прысутнічаць 1500 чалавек, у тым ліку 20 міністраў і больш за 200 палітычных дзеячоў з усяго свету.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе па-ранейшаму рэгулярна і ў рэжыме поўнай сакрэтнасці выконваюцца смяротныя прысуды. Нягледзячы на ​​спробы праваабарончых арганізацый, а таксама мясцовых актывістаў дамагчыся адмены ці хаця б мараторыя на смяротнае пакаранне, у Беларусі кожны год караюць смерцю ад двух да чатырох чалавек.

Крыніца: "Адмена смяротнага пакарання залежыць толькі ад палітычнай волі кіраўніцтва краіны" Аўдыё