У Еўрапейскім парламенце ў Брусэлі сёння, 27 лютага, адбываецца афіцыйнае адкрыццё 7-ага Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання - найбуйнейшай сусветнай падзеі, прысвечанай адмене смяротнага пакарання. На мерапрыемстве прысутнічаюць беларускія праваабаронцы, прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч, а таксама маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва.
- Андрэй Палуда, Любоў Кавалёва, Валянцін Стэфановіч 27.02.2019 перад афіцыйным адкрыццём 7-ага Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання
Акрамя таго, у працы Кангрэса ўдзельнічае афіцыйная дэлегацыя з Беларусі ў складзе намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў, старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэя Навумовіча і Андрэя Пушылы
Падчас адкрыцця Кангрэсу ўжо выступілі кіраўніца ЕС па замежных сувязях і бяспецы Федэрыка Магерыні, намеснік Прэм’ер-міністра Бельгіі Дзідзье Рэйндарс.
Таксама ўздзельнікаў форума чакае відэазварот Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша і Папы Рымскага Францішка.
7-ы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання праходзіць у Брусэлі з 26 лютага па 1 сакавіка. Мерапрыемства аб’яднала палітыкаў, актывістаў, юрыстаў, даследчыкаў і іншых людзей, якія ўдзельнічаюць у барацьбе за адмену смяротнага пакарання ва ўсім свеце.
28 лютага 28 лютага праваабарончы цэнтр "Вясна" сумесна з ЕCPM (НДА "Разам супраць смяротнага пакарання"), FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека) і Радай Еўропы правядзе пазапраграмнае мерапрыемства "Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць смяротнае пакаранне?"
Кангрэс завершыцца, як звычайна, Сусветным маршам за адмену смяротнага пакарання, які ўпершыню пройдзе па вячэрнім Брусэлі.
Крыніца: Адкрыццё Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання