Некалькі дзясяткаў гамельчукоў сабраліся ў грамадска – палітычным цэнтры на Палесскай, 52 на сустрэчу з праваабаронцам Паўлам Сапелкам, якая была прысвечана тэме катаванняў, жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню з людзьмі ў міліцыі і месцах зняволення. Праваабаронца прэзентаваў прысутным мультымедыйны праект “Без права на расправу”. Праект скіраваны на выяўленне людзей, якія сутыкнуліся з катаваннямі, жорсткім, ці бесчалавечным абыходжаннем з боку супрацоўнікаў МУС і іншых дзяржаўных структур.
Адна з праблемаў, якую акрэсліў сп. Сапелка тое, што людзі добра ўсведамляюць што такое фізічныя катаванні, але не могуць вызначыць жорсткае, ці бесчалавечнае абыходжанне.
“Вось калі затрыманых па адміністрацыйнай справе вядуць у суд у наручніках, - каментуе Павал Сапелка. – Падумаеш, што тут такога – 5 хвілін яны прайшліся ў бранзалетах, адзін за адным. А гэта і ёсць – жорсткае і прыніжаючае іх абыходжанне”.
Праваабаронца распавёў, што пацярпелы сам ці з дапамогай праваабаронцаў, прадстаўнікоў можа звярнуцца ў Следчы камітэт, пракуратуру, ці суд – каб правялі праверку фактам катавання, жорсткага абыходжання. Апроч таго, беларусы могуць звярнуцца ў міжнародныя структур: камітэт па правах чалавека, альбо камітэт па катаваннях ААН.
Зварот у нацыянальныя, кантралюючыя органы пакуль малаэфектыўны. Павал Сапелка прывёў статыстыку, што за тры гады (2014 – 2017 гг.) было 700 зваротаў грамадзянаў са скаргамі на катаванні і жорсткае абыходжанне і толькі ў 10 выпадках праводзілася расследаванне і ўзбуджаліся крымінальныя справы.
“Сітуацыю з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем можна палепшыць толькі тады, калі кожны, хто мае да гэтага дачыненне, зменіць у сабе нешта, - кажа Павал Сапелка. - Той, хто стаў ахвярай будзе прыкладаць намаганні, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у катаваннях. Той, хто адказны за катаванні, будзе прымаць меры каб яго калегі, падначалныя не рабілі гэтага. Той, хто можа дапамагчы ахвяры, павінны такую дапамогу аказаць, у прыватнасці, праваабаронцы заўжды гатовы прыйсці на дапамогу”.
На сустрэчы з юрыстам Паўлам Сапелкам прысутнічалі як грамадска – палітычныя актывісты, праваабаронцы Гомля, так і звычайныя грамадзяне, якія ў сваім паўсядзённым жыцці даводзіцца сутыкацца з фактамі катаванняў, ці жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў міліцыі.
“Для мяне сённяшняя сустрэча з праваабаронцам вельмі карысна, бо я часта сам сутыкаюся, альбо назіраю катаванні і жорсткае абыходжанне з грамдзянамі з боку супрацоўнікаў міліцыі", – распавёў удзельнік сустрэчы, гамяльчук Сяргей Малаш.
Падчас дыскусіі гучалі меркаванні, што для прафілактыкі катаванняў і жорсткага абыходжання патрэбны сталы маніторынг супрацоўнікаў дзяржсулжбаў з боку псіхолагаў і псіхіятраў. Каб пры прыёме на службу ўвага надавалася не толькі фізічным дадзеным, але псіхалагічнай устойлівасці і адэкватнасці. Апроч таго, трэба дамагацца шырокага грамадскага кантролю месцаў зняволення.
“Калі факты катаванняў і жорсткага абыходжання становяцца вядомымі і гэта падпадае пад грамадзянскі кантроль, яны ўжо маець шанцы быць перадухіленымі, ці наогул спыненымі," - падсумаваў Павал Сапелка.
Наступная сустрэча-прэзентацыя мультымедыйнага праекта “Без права на расправу”.адбудзецца ў Гародні, 26 лютага.
Крыніца: Павал Сапелка: Грамадзянскі кантроль можа перадухіліць і спыніць катаванні і жорсткае абыходжанне