Фотарэканструкцыя знаходжання ў ІЧУ Уладзіміра Вялічкіна. Фота: brestspring.com Сама мала тры разы на суткі вязні чуюць гэтыя словы з вуснаў персаналу ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ), што месціцца ў Паўночным гарадку г. Берасця.

“Спачатку цябе затрымліваюць, кажуць за што. Знаёмяць з правамі і матэрыяламі справы, складаюць пратакол, адводзяць да дзяжурнага РАЎС і той скіроўвае ў ізалятар...” - распавядае аб абставінах свайго адвольнага затрымання праваабаронца Ўладзімір Вялічкін.

Паводле ягоных словаў, у ізалятары затрыманых заводзяць ў адмысловы пакойчык, першы злева ў закратаваным калідоры.

У гэтым пакойчыку распранаюць, абшукваюць, вымаюць рэчы з кішэняў, папругу, шнуркі, вопратку і боты з металічнымі элементамі... Дробязь складваецца ў адмысловую скрынку. Буйныя рэчы, боты, напрыклад, у адмысловую шафу. Замест забраных ботаў выдаюцца агідныя тэпці, мабыць “артапедычныя”. Дзяжурны вельмі пераконліва даводзіў, што ніякія грыбковыя захворванні не перадаюцца, бо абутак прапарваецца. Праваабаронца ўважліва выслухаў, але веры не даў. Бо праз род занятку даўно знаёмы з турэмным прынцыпам “Ня вер, не бойся, не прасі!”.

Фотарэканструкцыя знаходжання ў ІЧУ Уладзіміра Вялічкіна. Фота: brestspring.com

Там жа можна азнаёміцца з правіламі паводзінаў у ІЧУ, нават з парадкам працэдуры, як звярнуцца па палітычны прытулак.

Вынятыя рэчы фіксуюцца ў пратаколе выняцця, які вязень падпісвае па азнаямленні.

Пікантны момант - майткі да кален, рукі перад сабой, сеў тры разы. Нічога не выпала - апранайся.

Выдаецца “артапедычны” цюфяк, набіты камкаванай ватай.

“Калі вязень кладзецца на яго –  адразу разумее, прынц ён ці не. Прынцам і прынцэсам цюфяк спаць не дасць, надта муляе. Выдаецца падушка і бялізна, праўда пакуль мяне не “ўпакавалі”, бялізны вязням не выдавалі”, - смяецца праваабаронца і працягвае аповяд.

З цюфяком вязня накіроўваюць да камары, дзе яму трэба станавіцца тварам да сцяны побач з дзвярыма. Чуецца бразгат ключоў, запораў і металічных дзвярэй. “Заходзім!”, - гучыць загад.

Фотарэканструкцыя знаходжання ў ІЧУ Уладзіміра Вялічкіна. Фота: brestspring.com

Бразнула, клацнула, і ты ў камеры № 6, у пакоі памерам прыблізна 3х5 м. 6 шконак, злева 4 і справа 2 ў два паверхі. Столі нізкія, мабыць 2.20. Вакно пад столлю не толькі закратаванае, але і заслоненае плястыкавай шыбай з дзіркамі. Над дзвярыма светадыёдная лямпа, што гарыць і ў дзень, і ў начы. Натужна гудзе вентыляцыя. Пасярэдзіне пад вакном стол, з надрапанай настольнай гульнёй у “мандавошку”. Кубікі з хлеба... Ніжнія шконкі ўжо занятыя.

Адзін з “джэнтэльмэнаў” ціха пахропвае, другі пакутвае ад галаўнога болю, апошняе, што памятае да таго як “упакавалі” - набыў скрыню гарэлкі... Трэці - адзначыў водпуск, ішоў, хістаўся, патруль “замёў”, у выніку застаўся без працы.

Заняў шконку на другім паверсе. Паклаўся, углядаюся ў зоркі на столях. Раптам чытаю: “НЕ ЗАВОДУ АКБ” - прыемна, ну проста “малява” з волі...

Абудзіўся першы джэнтэльмэн:

“Добрая ў нас міліцыя, слава па-за межы краіны ідзе. Вось учора аперацыя “БОМЖ” праводзілася. Сабралі нас па ўсім Берасці, іншагародніх, ўсіх... Прывезлі ў лазню, адмылі-адпарылі. Забралі брудную вопратку ды апранулі ва ўсё свежае”.

Дэманструе амаль новыя добравыпраныя джынсы і белыя шкарпэткі, скураную куртку...: “Я такі кавалер, дзеўкі да мяне. Я па гарэлку, пуль-пуль, закусіў. Захацеў сваёй пасіі кветкі падарыць. Жывых кветак паблізу не было. Папяровыя з вазы выхапіў. Праўда грошы, 2 рублі ў аплату, пакінуў. І да яе. А яна, іх мне ў твар: “Папяровыя, ды яшчэ цотная колькасьць...” Уласнік выклікаў міліцыю і вось я тут... А цябе чаму забралі?

Каб галубоў не карміў”, - адказваю.

Бразнула “кармушка”. Вячэра. У акенца падалі алюміневыя талеркі з лыжкамі, на дне хлебная катлета, камяк аўсянай кашы, зверху луста жытняга хлеба... Еш, каб жыць.

Пасля вячэры - праверка. З камеры ўсіх выводзяць на калідор. Ставяць тварам да сцяны, рукі на сцяну і абшукваюць, рукамі і металашукальнікам. Ножку падняў, тапак паказаў - праверылі, другую тое сама. Пакуль мацаюць, “шманаюць” камеру.

Усе назад!” - чуецца кароткі загад.

У вочка над “кармушкай” час ад часу нехта з персаналу пазірае...

Калі “шманаюць” жанчын чуваць жарты і жаночае пахіхікванне, гранічнае з фліртам...

На наступны дзень пятую шконку заняў прыстойнага віда селянін. Яго жонка здала.

Ты ж цвяроы?” - пытаемся.

Я з выцвярэзніку”, - кажа: “Ужо 63 рублі за паслугі выставілі”.

Суд яшчэ дабавіць і за паслугі ІЧУ па паўбазавай за суткі далічаць”, - суцяшаем сукамерніка.

Пагаманілі за жыццё. Свет маленькі, ва ўсіх калі не сваякі дык знаёмыя агульныя выявіліся.

Смаліць ў камеры не было магчымасці. Цыгарэты былі, запалкі і запальнічкі адабралі.

З аднаго боку гэта было добра, а з іншага... Унітаз з умывальнікам знаходзіліся справа пры дзвярах, адгарожаныя ад астатняй прасторы мурком 1,2м х на 1,2м. Адзіны дэзадарант - гэта цыгарэта, або паленая газета, але яе таксама не было...

Фотарэканструкцыя знаходжання ў ІЧУ Уладзіміра Вялічкіна. Фота: brestspring.com

На прагулку адводзілася па 2 гадзіны, там можна было пасмаліць. Выходзілі па адным праз прыадчыненыя дзверы, станавіліся тварам да сцяны, направа па калідору, па сходах налева і ў даўно забыты “калодзеж”, без даху над галавой, але з кратамі з арматуры. Дваром гэта называць цяжка.

Кантакт персаналу з вязнямі практычна адсутнічае. Падчас праверак вязні могуць заявіць аб сваіх патрэбах і просьбах. Для падтрымання парадку персанал мае спецсродкі...

У апошні вечар была занятая апошняя шконка.

“Кветкі дарыў, галубоў карміў, мо хістаўся?..” - пытаем.

Не, састарэлая бабуля, якой апякуюся, міліцыю выклікала. Яна не заўсёды ўсіх пазнае. Ёй 94 гады. Пакуль я тут, яна хату, калі не заль’е, не спаліць, дык высадзіць! У нас газавая калонка! Прыехаў міліцыянт Смаль, пагутарыў паціху з бабуляй, і склаў на мяне пратакол па арт. 9.1 КаАП. Як так можна! Гэта што? Любы цябе агаворыць і капец! Ні сведкаў, ні паратунку”, - паўночы абураўся апекун. Але заснуў і ён урэшце рэшт. Выгаварыўся - стала лягчэй...

Раніцай усіх павезлі ў суд. У шостую камеру перавялі хлопца з суседняй. Ён прыехаў з Драгічына ў госці да сябра, калі вяртаўся, заснуў на лаўцы, атрымаў 15 сутак. Ужо адседзеў 5, шморгаў носам. Казаў, што ў камеры, дзе ён сядзеў, дагэтуль было холадна. Пакуль былі разам, яму паспелі выдаліць 2 зубы. Не хвалюйцеся - у стаматалогіі... Дзякуючы стаматолагу мне дасталося 2 талеркі баршчу. Адзінае, што не выклікала агіды з харчавання.

На “выпіску” працэдура з майткамі паўтарылася…

Паводле "Берасцейскай Вясны".

Крыніца: Тварам у мур - рукі на сцяну! Рэпартаж праваабаронцы з ІЧУ