Пасля таго, як Генеральная пракуратура і Следчы камітэт не ўгледзелі падставаў для правядзення праверкі, дачы прававой ацэнкі гамафобным выказванням міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча і прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці, праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся 7 лютага з заявай у Савет Міністраў. У сваім звароце ён пісаў аб тым, што яму адмовіла Генпракуратура, таму ён і звяртаецца ў СаўМін.
Праваабаронца прасіў Савет Міністаў прыцягнуць міністра ўнутраных справаў да дысцыплінарнай адказнасці ў сувязі з неналежным выкананнем ім заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. Але замест гэтага Савет Міністраў за подпісам Л.Астроўскай паведаміў праваабаронцу, што яго зварот зноў накіраваны ў Генеральную пракуратуру для разгляду, але ўжо з “рэзалюцыяй Намесніка Прэм’ер-міністра”. Генпракуратура ўжо другі раз разгледзіць пытанне аб прыцягненні міністра ўнутраных справаў да адказнасці. Раней на зварот ПЦ "Вясна" яна адказала, што пры вывучэнні зместу інтэрв'ю Ігара Шуневіча тэлеканалу АНТ устанавіла, што міністрам было “выказана асабістае меркаванне па некаторых пытаннях”.
Нагадаем, Праваабарончы цэнтр “Вясна” за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанню.
Гаворка ішла пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх “дзіравымі”.
Следчы камітэт без усялякіх лінгвістычных экспертыз вырашыў, што ў выказваннях міністра Шуневіча няма распальвання варожасці. Мала таго, у сваім адказе СК напісаў, што “чые-небудзь меркаванні, каментарыі падзей, якія адбыліся, не з’яўляюцца падставай для правядзення праверкі ў парадку, устаноўленым КПК”.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Генпракуратура другі раз разгледзіць пытанне аб прыцягненні Шуневіча да адказнасці