Віцебскія вернікі-каталікі просяць прэзідэнта Беларусі паспрыяць у вырашэнні пытання аб вяртанні ў Беларусь ксяндза Паўла Кнурэка – пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Пад зваротам да Лукашэнкі падпісаліся 465 чалавек.
Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", каталікі звярнуліся да Лукашэнкі пасля таго, як атрымалі адмоўны адказ на свой зварот ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі. Чыноўнік у сваім лісце не патлумачыў нават прычыны адмовы.
“Мы разумеем, што, згодна з заканадаўствам, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў мае права не паведамляць аб прычыне адмовы, але гэта не зусім сумленна ні ў дачыненні да нас, грамадзян гэтай краіны, ні ў дачыненні да святара, які амаль 20 гадоў прысвяціў служэнню на карысць нашай дзяржавы і быў гатовы працягнуць гэтае служэнне. Калі такая прычына існуе, дык чаму пра яе нельга ведаць тым, хто ў гэтым зацікаўлены. Бо на дварэ ўжо ХХI стагоддзе, і жывем мы ў дэмакратычнай дзяржаве”, – гаворыцца ў звароце да прэзыдэнта.
Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Павал Кнурэк, які мае польскае грамадзянства, праслужыў у Віцебску крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск святар амаль 17 год узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён). За гэты час арганізаваў у Лынтупах “Сьвятліцу” – дом для дзённага знаходжання дзяцей з праблемных сем’яў, штогод ладзіў дзіцячы летнік “Канікулы з Богам”, а таксама адпраўляў дзяцей з бедных сем’яў на аздараўленне ў польскія санаторыі. Апроч таго, адкрыў у Лынтупах аддзяленне дабрачыннага фонду Caritas.
У Віцебску намаганьнямі пробашча была адрамантаваная вежа касцёлу Езуса Міласэрнага, адрамантаваны і адкрыты пакой для малітвы ў Віцебскай абласной лякарні, дзе пацыенты маглі сустрэцца са святаром тры разы на тыдзень.
Вернікі просяць Лукашэнку паспрыяць у вырашэнні пытання аб працягненні дазволу на служэнне ў Беларусі ксяндза Паўла Кнурэка.
Крыніца: "Неразуменне і абурэнне": Віцебскія каталікі звярнуліся да Лукашэнкі