Не паспелі з'явіцца навіны пра абноўлены спіс сталых месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінску, як валанцёры "Вясны" вырашылі самі пераканацца, на колькі сталічныя ўлады ідуць насустрач людзям, якія жадаюць выказаць сваё меркаванне пра тую ці іншую праблему на вуліцах горада. Бо па беларускіх законах мірныя сходы аднесеныя да масавых мерапрыемстваў. Актывісты не мелі ілюзій наконт даступнасці і сапраўды масавай наведвальнасці ўсіх гэтых тэрыторый. «Уводзячы адзін за адным адрасы ў google-maps, мы з цікавасцю рыхтаваліся да сустрэчы ці то з чаканым расчараваннем, ці то з візуалізацыяй "жорсткай лібералізацыі", абяцанай міністрам МУС. Забягаючы наперад, адзначым - цудаў не адбылося», - прызнаюцца валанцёры.

Парк Дружбы народаў ці «Бангалор»

Парк

Аб Бангалоры ўжо складаюць гарадскія легенды. Пагардліва называючы гэтую пляцоўку «месцам для выгулу сабак», мінчане і мінчанкі даўно пазначылі сваё непаважлівае стаўленне да яе, як да месца правядзення публічных мерапрыемстваў. З году ў год, атрымліваючы чарговую заяўку на шэсце, мітынг ці пікет, Мінгарвыканкам накіроўвае пратэстуючых менавіта сюды. Таму ад слова «Бангалор» шмат у каго ўжо пачынаецца алергія.

Варта адзначыць, што «Бангалор» - гэта на самай справе кальцавая плошча, каля якой і знаходзіцца гэтак любімае ўладамі месца для правядзення мірных сходаў. У самім парку Дружбы народаў шмат дрэў, праз якія з вялікімі высілкамі можна разгледзець не тое што плакаты, але і ўвогуле людзей. Цікава, што да 26 студзеня выказваць сваё меркаванне можна было толькі на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы, а цяпер у вашым распараджэнні ўвесь парк: можна выбіраць любы закуток.

Дарэчы, калісьці ўся гэтая тэрыторыя была забалочанай і тут размяшчалася навуковая Балотная станцыя. Сімвалічна, ці не праўда?

Кіеўскі сквер

Киевский сквер

Параўнальна недалёка ад плошчы «Бангалор» раскінуўся Кіеўскі сквер, які незаўважна стаў традыцыйным прытулкам для акцый Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Менавіта тут фронтаўцы адзначаюць знакавыя гістарычныя даты. Вядома, у параўнанні з папярэдняй пляцоўкай, сквер хоць і размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад нешматпавярховых жылых дамоў, аднак сапраўды жывой гэтую мясцовасць язык наўрад ці павернецца назваць.

Вуліца Арлоўская, якая прымыкае да сквера, вядома, хоць і з'яўляецца важнай і даволі загружанай транспартнай артэрыяй горада, але тым не менш знаходзіцца з процілеглага боку ад паказанай для мерапрыемстваў кропкі. Вуліца ж Кахоўская, з якой можна агледзець пляцоўку, пустынная і маўклівая. Хто б сумняваўся ...

Парк культуры і адпачынку ім. 50-годдзя Вялікага Кастрычніка

Парк 50-летия Великого Октября

Парк з пафасным назовам мае рэпутацыю ціхага і спакойнага месца для рамантычных шпацыраў і заняткаў аздараўленчай фізкультурай. Трапіць у яго можна з цяжкасцю, калі вы не з'яўляецеся жыхарамі бліжэйшых раёнаў. Парк раскінуўся паміж станцыямі метро «Трактарны завод» і «Партызанская», а знайсці там «летні тэатр», вызначаны ўладамі для мірных сходаў, не так проста з першага разу.

Парк можна смела назваць царствам спакою і прымірэння, дзе бегаюць вавёрачкі і спяваюць птушкі. Хоць старажылы пагаворваюць, што мясцовасць карыстаецца нядобрай рэпутацыяй і нават славіцца містычнымі гісторыямі, але гэта, як той казаў, ужо зусім іншая гісторыя.

Парк ім. Грэкавай

Парк имени Грековой

Зусім побач з МКАДам паміж мікрараёнамі «Чыжоўка» і «Серабранка» нашым вачам паўстаў парк імя Надзеі Грэкавай, савецкай дзяячкі і чыноўніцы. Эстэтычна і практычна ён цалкам нічога сабе. Побач ёсць вадаём з качкамі, дагледжаныя прагулачныя дарожкі, плантацыі кветак і дэкаратыўна-пітная крыніца. Усё, што для шчасця трэба. Парку відавочна сімпатызуюць мясцовыя жыхары, якія з задавальненнем праводзяць там вольны час, гуляючы з дзецьмі і сабакамі.

Для правядзення мірных сходаў гэтае месца падыходзіць толькі з агаворкай, што там будуць абмяркоўвацца пытанні мясцовага самакіравання і жыццядзейнасці ў рамках мікрараёна. Не больш за. Правесці ў парку, напрыклад, Дзень Волі не бачыцца добрай задумай, так як даехаць туды можа апынуцца вельмі цяжкай задачай.

Сквер Жукава

Сквер Жукова

Да 2007 года сквер Жукава быў без назвы і, прама скажам, не выклікаў даверу і жадання здзяйсняць тут змрочны праменад з каханым ці каханай. Зараз жа мясцовасць акультурылі і, як здаецца, вырашылі зрабіць стэрыльна чыстай, бо такой колькасці камунальнікаў на квадратны метр, як там, няма ні ў адной частцы Мінска.

Што тычыцца размяшчэння, то яно даволі арыгінальнае. У пешай даступнасці знаходзіцца чыгуначны прыпыначны пункт «Сталічны», праз які, грукочучы, імчацца саставы цягнікоў. Мяркуем, што нават гучнагаварыцель не дапаможа падчас прамоваў мітынгоўцаў, калі вагоны будуць стукаць сваімі масіўнымі коламі. Сам парк вельмі невялікі па памеры і ўпрыгожаны помнікам самому Жукаву.

Тучынскі сквер

Тучинский сквер

Тучынскі сквер, больш вядомы мясцовым жыхарам як Мухля, аказаў незгладжальнае ўражанне. Больш душашчапальнай карціны назіраць, калі і даводзілася, то толькі не ў кантэксце правядзення мірных сходаў. У скверы знаходзіцца цяпер зачынены кінатэатр «Сучаснік» (ад яго засталіся рожкі ды ножкі ў выглядзе зацягнуўшагася даўгабуду). Пагаворваюць, што абмялелую сажалку ў межах сквера не чысцілі вось ужо многія гады, а фантаны і зусім ніколі не працавалі. Праўда гэта ці не, сцвярджаць не станем, але падобна на тое, бо нават устаноўкай лавак і сметніц таксама ніхто не азадачыўся, мяркуючы па іх татальнай адсутнасці.

Якім чынам тут можна праводзіць нейкія мерапрыемствы, застаецца загадкай для ўсіх, але толькі не для мінскіх уладаў.

Падводзячы вынік, валанцёры лічаць, што ў гэтым вызначаным уладамі спісе не хапае парку імя Уга Чавеса, што ў Каменнай горцы, які ўсім сваім выглядам сімвалізуе не толькі сітуацыю з правам беларусаў і беларусак на мірныя сходы, але і крах эпохі "Сябра Уга" са усімі вынікаючымі наступствамі.

Чытайце таксама: Пяць пунктаў пра тое, чаму змены ў закон аб масавых мерапрыемствах нічога не мяняюць

Крыніца: «Цудаў не адбылося»: Валанцёры "Вясны" прааналізавалі выдзеленыя месцы для мірных сходаў Фота