Суд Заводскага раёна Мінска працягвае разгляд крымінальнай справы Марыны Золатавай, галоўнай рэдактаркі TUT.BY, якую абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы. У аўторак, 19 лютага, cуд дапытвае Марыну Золатаву ў якасці абвінавачанай.
Падрабязна пра першы дзень судовага паседжання: Суд над Марынай Золатавай: дзень першы
Падрабязна пра другі дзень судовага паседжання: Суд над Марынай Золатавай: дзень другі
Падрабязна пра трэці дзень судовага паседжання: Суд над Марынай Золатавай: дзень трэці
Больш падрабязна пра чацвёрты дзень судовага паседжання: Суд над Марынай Золатавай: дзень чацвёрты
Падрабязна пра пяты дзень судовага паседжання: Суд над Марынай Золатавай: дзень пяты
Допыт галоўнай рэдактаркі TUT.BY пачаўся з выступу ў свабоднай форме, піша "Радыё Свабода".
«Суду я магу патлумачыць, што пра несанкцыянаваны доступ супрацоўнікаў парталу да платнай падпіскі БелТА я даведалася ў сакавіку 2018 году, — паведаміла Марына Золатава. — Гэта абмяркоўвалася ў тэлефоннай размове з рэдактарам Ганнай Калтыгінай, якую мы праслухалі на ўчорашнім паседжаньні. Я сказала, што гэта кепска і што мы будзем разьбірацца з гэтым.
Ганна прапанавала параўнаць зьмест стужкі платнай падпіскі БелТА і звычайнай вэрсіі сайту агенцтва. Я пагадзілася іх параўнаць. У выніку выявілася, што яны амаль не адрозьніваюцца, час зьяўленьня публікацый альбо індэнтычны, альбо адрозьніваецца нязначна. Мы прыйшлі да высновы, што афармляць платную падпіску на стужку агенцтва немэтазгодна».
Па словах Марыны Золатавай, яна шкадуе, што не прасачыла за сваімі падначаленымі ў далейшым і не забараніла карыстацца чужымі паролямі да стужкі агенцтва БелТА.
«Неаднаразова падчас папярэдняга сьледзтва я казала і магу паўтарыць цяпер, што я вельмі шкадую, што не зрабіла больш рашучых захадаў, — сказала Золатава. — Шкадую пра гэта і зараз. І моцна раскайваюся».
Пракурорку Харчэйкіну таксама цікавілі прамыя абавязкі Марыны Золатавай у якасьці галоўнага рэдактара парталу Tut.by, а таксама тое, на стужкі якіх агенцтваў яшчэ падпісаны партал. Абвінавачаная расказала, што займаецца ў асноўным пытаньнямі агульнага функцыянаваньня парталу і не адсочвае ўсе публікацыі, якія выходзяць за дзень на Tut.by. А таксама паведаміла, што на гэты момант партал мае аформленыя дамовы з агенцтвам БелаПАН, Reuters, TАСС.
«Я дакладна ня ведала, што мае супрацоўнікі працягваюць выкарыстоўваць паролі да платнай падпіскі БелТА, — расказала Марына Золатава падчас допыту. — Я магла здагадвацца. Магла здагадвацца таму, што ў журналісцкім асяродку паролі БелТА, як той казаў, „гуляюць“. Я магла здагадацца пра гэта, калі б задумвалася. Але мне не прыходзіла ў галаву запытацца аб гэтым.
Падчас першага допыту ў СК я сказала, што здагадвалася аб гэтым з 2017 году, але тады я проста не задумвалася пра свае словы. Зразумейце, гэта быў першы допыт у якасьці абвінавачанай у маім жыцьці... Я чула пра тое, што паролі „гуляюць“. Як і іншыя журналісты, я была ў курсе гэтых чутак».
Марына Золатава таксама паведаміла падчас допыту, што платны інтэрфэйс бачыла толькі адзін раз, 20 сакавіка 2018 году. Гэта было падчас размовы з рэдактаркай Ганнай Калтыгінай, калі яны вырашалі, ці ёсьць сэнс у афармленьні да платнай падпіскі на агенцтва БелТА. Акрамя гэтага,Марына Золатава расказала, што час публікацыі зьяўляецца толькі адным са шматлікіх фактараў, які ўплывае на рэйтынг выданьня.
Пасьля жніўня 2018 году партал Tut.by амаль цалкам адмовіўся ад выкарыстаньня інфармацыі агенцтва БелТА, што ніякім чынам не паўплывала на рост наведвальнасьці сайту.