Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта адказаў на заяву Насты Гусевай, якая была затрыманая раніцай 21 студзеня супрацоўнікамі крымінальнага вышуку па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Дзяўчына звярталася ў СК з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў ІЧУ і Заводскага РУУС па факце жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае чалавечую годнасць - суткі без ежы і вады, адсутнасць медыцынскай дапамогі і магчымасці схадзіць у туалет, а таксама здзекі, абразы і пагрозы.
У сваім адказе начальнік Заводскага раённага аддзела Следчага камітэта Андрэй Матусевіч піша, што заява Насты Гусевай была далучаная да матэрыялаў крымінальнай справы па арт. 341 КК, а выкладзеныя ў ёй довады будуць усебакова правераныя ў межах расследавання гэтай крымінальнай справы.
Таксама ён паведамляе, што ў мэтах ўсебаковага даследавання абставінаў здарэння, копія заявы дзяўчыны накіраваная ў ГУУБ МУС Рэспублікі Беларусь для правядзення службовай праверкі, пра вынікі якой ёй паведамяць дадаткова.
"Мне шчыра хацелася б, каб у бліжэйшы час Наста атрымала з УСК па Мінску або ГУУБ МУС адказ, у якім бы ўтрымліваліся звесткі аб тым, што супрацоўнікі, якія падвергліся яе жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню, устаноўленыя і на час правядзення расследавання адхіленыя ад выканання сваіх службовых абавязкаў", - каментуе адказ СК юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка.
Праваабаронца нагадвае, што Камітэт супраць катаванняў у красавіку 2018 года па выніках разгляду пятага перыядычнага дакладу Беларусі рэкамендаваў беларускім уладам праводзіць эфектыўнае расследаванне скаргаў на катаванні і жорсткае абыходжанне, а на час правядзення расследавання адхіляць ад выканання сваіх службовых абавязкаў супрацоўнікаў, на якіх такія скаргі паступілі.
"Менавіта такі крок мы б расцэньвалі як першыя спробы ўладаў выканаць рэкамендацыі Камітэта супраць катаванняў і ўстаць на шлях выкаранення катаванняў і жорсткага абыходжання ў нашай краіне", - падкрэсліў Аляксей Лойка.
Праваабаронцы "Вясны" ўжо звярнуліся да спецдакладчыка ААН па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання з просьбай заклікаць беларускія ўлады правесці расследаванне фактаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання па нашумелай гісторыі па новай справе аб графіці.
Крыніца: Заяву актывісткі пра катаванні далучылі да крымінальнай справы супраць яе