Адміністрацыйнага справа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна разглядаецца ў судзе Ленінскага раёна Берасця. Чакалася, што затрыманых даставяць у суд у першай палове дня, аднак прывезлі іх пасля 14 гадзін.
Праваабаронцу вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – “кармленні галубоў”, якое адбылося ў Берасці 10 лютага.
Праваабаронца Уладзімір Малей паведамляе падрабязнасці затрымання Вялічкіна:
– Ён быў выкліканы ў міліцэйскі ўчастак у суботу, 16 лютага па позве. Калі ён прыйшоў, на яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 10 лютага 2019 года. Уладзіміра Вялічкіна да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання
Таксама ў суботу быў затрыманы і змешчаны да суда ў ІЧУ яшчэ адзін актывіст пратэстных акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Віталь Казак.
А ў нядзелю, у 8 гадзін раніцы стала вядома, што ў горадзе Бярозе супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста і блогера Аляксандра Кабанава. Як вынікае з яго стрыма з фэйсбука, яго затрымалі за ўдзел у акцыі ў Брэсце 10 лютага. Для атрымання паказанняў яго завезлі ў Бярозаўскі РАУС. Супрацоўнікі міліцыі дадаткова паведамілі яму, што яго хочуць апытаць пакуль у якасці сведкі. Пасля апытання Кабанаў быў адпушчаны.
Крыніца: Берасце: судзяць Вялічкіна і Казака