Каля ўваходу ў школу, у якой вучацца мае дзеці, вісіць невялікая, малапрыкметная шыльдачка з фотаздымкам – у гэтай школе ў 1977 -1979 гадах вучыўся Бахановіч Ігар Яўгеньевіч, які 12 лютага 1982 года гераічна загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны доўг у Народнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. З шыльды глядзіць малады, прыгожы хлопец. Усяго некалькі радкоў… 15 лютага спаўняецца трыдцаць гадоў заканчэння вываду савецкіх войскаў з Афганістану. Гэта была апошняя для беларусаў вайна – вайна, якая ўнесла жыцці 771 суайчынніка, а 12 чалавек дагэтуль лічацца зніклымі без звестак. Усяго за дзевяць гадоў вайны больш за 30 тысяч нашых землякоў прынялі ў ёй удзел. У гадавіну вываду войскаў будзе казацца шмат словаў пра выкананы доўг, пра вернасць прысяге, пра гераізм… пусты афіцыёз не прашто. Так, быў там і гераізм, і вернасць прысяге, але ў той жа час былі і масавыя знішчэнні афганскіх аулаў, забойствы мірных жыхароў і жудасная дзедаўшчына ў вайсковых частках.
На вайне наогул нічога прыгожага не бывае, гэта заўсёды кроў, бруд і легалізаванае забойства чалавека чалавекам. Забойства, за якое не караюць судом, а ўзнагароджваюць ардэнамі і медалямі. Вайна – гэта смерць.
Нашыя няшчасныя цынкавыя хлопчыкі. Што яны бачылі ў сваім зусім кароткім жыцці? За што яны аддалі яго ў далёкай ад Беларусі краіне? Паглядзіце на фотаздымкі гэтых хлапчукоў, пачытайце іх кароткія і так падобныя адна на адну біяграфіі – вучыўся ў сярэдняй школе, пасля заканчэння працаваў у калгасе/заводзе, прызваны ў шэрагі савецкай арміі… Ім было па 19-20 гадоў. А вытрымкі з лістоў родным? Яны поўныя надзей на хуткую сустрэчу, якой ніколі не будзе. Звычайныя беларускія хлопцы з самых простых сялянскіх і рабочых сем’яў. Усю рэшту жыцця іхным маці накавана дажываць з несуцешным болем ад страты родных сыночкаў.
Гэтая нябачная вайна, як чорны прывід, ішла за мной, яна дыхала мне ў патыліцу. Мая бедная маці. Чым больш дарослым я станавіўся, тым болей яна вар’яцела ад думкі, што я магу стаць чарговай ахвярай гэтай вайны.
Аднойчы мы з мамай ішлі наведаць магілу маёй бабулі на Чыжоўскіх могілках. Гэта быў прыкладна 1983 ці 1984 год, - гады найбольшых стратаў савецкай арміі ў Афганістане. Выпадкова мы сталі сведкамі пахавання вайскоўца, афіцэра. Яго прывезлі адтуль… у цынкавай труне. Зусім малады майор, такая ж маладая ўдава ў чорнай хустцы трымала за ручку дзяўчынку гадоў шасці-васьмі і моўчкі стаяла. Нехта з вайскоўцаў прамаўляў нейкія словы, потым жаўнеры стралялі ў паветра, аддаючы апошную вайсковую пашану. Паводдаль за працэсіяй назіралі аднолькавыя дзядзі ў шэрых гарнітурах. З дзясятак выпадковых мінакоў спыніліся і таксама назіралі за пахаваннем. Людзі моўчкі плакалі. Мая маці таксама. А потым са слязьмі ў вачох яна сказала фразу, якую я запомніў на ўсё жыццё:
“Калі яны пашлюць майго сына туды, калі ён загіне ў Афганістане, я спалю сябе насупраць ваенкамата!”
Кожныя раз, калі мая маці наведвала Чыжоўскія могілкі, праходзячы праз цэнтральную алею, яна з жахам глядзела на гады нараджэння на помніках загінуўшых “пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу” – 1967, 1968, 1969… Яны няўмольна набліжаліся да майго.
Гэта была ціхая і не заўважная для большасці савецкіх грамадзянаў вайна. Доўгі час афіцыйныя савецкія ўлады трымалі яе ў таямніцы. Савецкія людзі працягвалі жыць сваім штодзённым жыццём і толькі 9 траўня на вуліцах гарадоў стала з’яўляцца ўсё болей маладых хлопцаў з баявымі узнагародамі на грудзях. Гэта быў іх маўклівы пратэст – паглядзіце на нас, мы ёсць. Пазней людзі шэптам пачалі распавядаць пра сапраўдную вайну, якая ідзе ў Афганістане, і ў кожным гарадскім двары былі тыя, хто вярнуўся адтуль. Яны распавядалі дваравым пацанам праўду вайны. Праўду, якой на вайне, як вядома, няма – яна ў кожнага свая. У некаторыя гісторыі я, звычайны савецкі школьнік, адмаўляўся верыць – забойствы мірных жыхароў, жанчын і дзяцей… Савецкія жаўнеры не могуць такое рабіць. “Наша армия сильна, охраняет мир она», – спявалі мы яшчэ ў дзіцячым садку на 23 лютага.
У лютым 1989 савецкія войскі пакінулі Афганістан. Я быў прызваны ў войска ў 1990. Гэта вайна абмінула мяня. Апошняя, як заўжды не нашая вайна, на якой гінулі нашыя хлопцы.
Пасля 1991 года ніводзін беларускі жаўнер больш не загінуў на чужой і далёкай вайне. Нас мінавалі і першая і другая чачэнскія, вайна ў Грузіі, ва Украіне, Сірыі і іншыя авантуры былой метраполіі.
Яны абмінулі нас, бо з 1991 года мы жывем у сваёй незалежнай Беларусі. Ніколі ізноў!
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў
Крыніца: Вайна, што мяне абмінула