Гарадзенскія журналісты-фрылансеры Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч падалі касацыйныя скаргі ў Гарадзенскі абласны суд.
Па інфармацыі “Гарадзенскай Вясны”, скаргі датычаць рашэння суддзі Руслана Гурына, які сваёй пастановай незаконна аштрафаваў абодвух на 30 базавых велічынь кожнага.
Нагадаем, што 1 лютага суддзя Руслан Гурын "разглядаў" адміністрацыйную справу ў дачыненні Дзянісава і Кіркевіча і пакараў іх штрафам паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь - незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі.
Справа датычыла сюжэту на тэлеканале Белсат, дзе расказвалася пра даследванне гісторыкамі старажытных сутарэнняў Гародні і магчымае выкарыстанне іх як турыстычнай цікавосткі.
Сітуацыю каментуе праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
"Ніхто не мае малейшых ілюзій, што абласны суд можа адмяніць пастанову раённага суду. Гэтая карная сістэма выбудаваная зараз так, што такіх шанцаў няма. Пра гэта сведчыць уся статыстыка "разгляду" аналагічных скаргаў у Гарадзенскім абласным судзе. Сэнс падаваць такія скаргі толькі ў тым, каб яшчэ раз паказаць усю юрыдычную абсурднасць гэтых пастановаў і ўсёй створанай судовай сістэмы. Відавочна, што існуе неафіцыйны спіс непажаданых журналістаў незалежных выданняў, найперпш Белсату і Беларускага Радыё Рацыя, якія сістэмна пераследуюцца. Гэта менавіта выразны палітычны пераслед за прафесійную дзейнасць. Другі сэнс такіх касацыйных скаргаў - гэта далейшае абскарджванне абсурдных пастановаў у Камітэт па правах чалавека".
Крыніца: Гародня: Фрылансеры Дзянісаў і Кіркевіч выкрываюць палітычны пераслед журналістаў