7-га лютага 2018 году, праз месяц пасля арышту Аюба, я занёс ў расійскую амбасаду зварот ад беларускіх праваабаронцаў з патрабаваньнем вызваліць Аюба Ціціева. Расійская амбасада ў Менску, новы вялізны комплекс на Новавіленскай, з будынкамі і будыначкамі, налепленымі вежамі і вежкамі, з калонамі-растапыркамі на фасадзе, стаіць схаваны за высокім плотам. Я пазваніў у фортку, спыталіся ў чым справа. Сказаў, што прынёс зварот да Пуціна. Па той бок памаўчалі з поўхвіліны, потым сказалі, каб прысылаў па пошце. Не, адмовіўся я, трэба перадаць сёньня. Там ізноў памаўчалі, потым усё ж такі пагадзіліся: падыйдзіце да прапускнога бюро і аддайце. Я зайшоў усярэдзіну і перадаў наш зварот нейкаму служываму. Адказу на яго я так і не атрымаў.
Напачатку ліпеня 2018-га справу Аюба Ціціева перадалі ў суд. Папярэдняе слуханьне прайшло зачыненым. Крытыка незалежнай прэсы, абурэньне расійскіх праваабаронцаў і замежных палітыкаў прывялі да таго, што сьвіснулі мабыць з Масквы і мясцовыя ўлады суд адчынілі. У ліпені пачаўся працэс.
У жніўні, ня вытрымаў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. Голасна абурыўся, што на суд “прыяжджае ўся прадажная шантрапа з усяго сьвету”, прыраўнаў праваабаронцаў да тэрарыстаў і заявіў, што як толькі суд над “наркаманам” Аюбам Ціціевым скончыцца, тады праваабаронцам будзе забаронены ўезд у Чачню. Вось жа зараз, пакуль яшчэ Чачню канчаткова не зачынілі ад усяго свету, прадстаўнікі гэтай “прадажнай шантрапы” ў нашых асобах сьпяшаліся пасьпець на гэты ганебны суд.
Менскі аэрапорт, які я памятаю яшчэ гадоў пятнаццаць таму амаль пустым, нават у такую раньнюю раніцу пакрыху варушыцца. На табло мільгае пасадка на Вену, на Маскву ляцяць аж два самалёты: адзін у Шарамецьева, другі ў Дамадзедава, на Ашхабад стаяць расфарбаваныя, у джынсах туркменкі, мабыць студэнткі вяртаюцца да дому. Надпісы ідуць то па-руску, то па-кітайску, то па-ангельску, то па-беларуску.
Я згадваю нядаўнюю вайнушку з адміністрацыяй аэрапорта за тое, каб зьявіліся і беларускамоўныя аб’явы. Ня маю нічога супраць кітайскіх іерогліфаў, захацелі ўлады пазначыць свае палітычныя арыентыры – калі ласка. Але калі адміністрацыя аэрапорта пачала адмахвацца ад беларускай мовы ў абвестках – вось тады стала непамысна. Нельга ж так прыніжаць сваю мову. Урэшце пасьля грамадскага абурэння і крытыкі беларуская мова зьявілася ў аэрапорце на табло.
Мы праходзім у залу чаканьня. Памежнага пашпартнага кантролю няма. Квіткі і пашпарт глядзяць толькі супрацоўнікі аэрапорту. Ляцець сёньня давядзецца на Аэрафлоце.
Мы сядзім у пачакальні, п’ем ранішнюю каву, а я згадваю двухтыднёвай даўнасьці паездку ў Парыж на Сусьветны форм праваабаронцаў. Форум быў прыўрочаны 70-годзьдзю прыняцьця Дэкларацыі аб правах чалавека і 20-годзьдзю Дэкларацыі аб праваабаронцах. Як кожнае з падобных вялікіх мерапрыемстваў, а на ім было некалькі сотняў праваабаронцаў, форум меў больш сімвалічны сэнс, чым практычны зьмест. Праваабаронцы сабраліся, па вялікім рахунку, нагадаць яшчэ раз, што мы ёсьць, што праблемы, якімі мы займаемся, нікуды ня зьніклі і што мы ў сваёй працы, ня гледзячы на такія важкія дакументы як гэтыя дэкларацыі, зазнаем рэпрэсіі і ганеньні. Сотні праваабаронцаў штогод гінуць, тысячы трапляюць у турмы, яшчэ больш трапляе пад іншыя рэпрэсіі. Але імкненьне людзей да справядлівасьці невынішчальнае.
На такіх мерапрыемствах для мяне большае значэньне за афіцыйную праграму маюць асабістыя сустрэчы і знаёмствы. Убачыўся я там са старымі сябрамі з розных краінаў сьвету, пазнаёміўся з новымі. Між іншага, з невялікага росту праваабаронцам узьбекам Акзамам Тургунавым. Стараваты ўжо, лысаваты, твар змаршчыністы, заўсёды пасьміхаецца, у папулярнай на постсавецкіх прасторах скуранцы. Акзаму ўжо пад семдзесят. У 2008-м далі дзясятку “за вымагальніцтва”. У турме катавалі, пагражалі, што ня выйдзе жывым ніколі. Але памёр прэзідэнт Іслам Карымаў, крыважэрны дыктатар, на замену прыйшоў Шаўкат Мірзіёеў, якога баяліся ня меньш за старога ўзурпатара. Новая мятла пачала месьці крыху па-новаму, і Акзама пасьля дзевяці гадоў зняволеньня выпусцілі на год раней.
Акзам толькі год як на волі. Пытаюся, ці прызвычаіўся ўжо да цывільнага жыцця. “Так, – кажа, – ужо нармальна”. Але я бачу як ён пачынае “тармазіць”, запавольваецца пры размове, як цяжка яму думаецца, калі гаворка заходзіць на абстрактныя тэмы. І як ён зьмяняецца ў лепшы бок, калі распавядае пра турму, пераказвае свае адказы на пагрозы турэмшчыкаў: адразу інакшае тон, зьнікаюць іскрынкі смеху у вачах, голас становіцца металічным, хвалі ягонай упэўненасці і моцы абдаюць мяне з ног да галавы. Турма, мабыць, застанецца ў нашых касьцях і крыві ўжо да скону жыцьця.
Ды што мае тры гады ў параўнаньні з ягонымі дванаццацьцю. Перад апошняй дзевяцігадовай адсідкай быў у Акзама яшчэ і першы тэрмін – два з паловай гады. Я чарговы раз зьбіваюся з думкі пра Парыж на сваю “камандзіроўку”. Як толькі патрапіў у бабруйскую калонію ў каранцін, выклікаў мяне ў сваю капцёрку-пакойчык брыгадзір каранціннага атраду, невялікі, лапавухі, сярэдняга ўзросту хлапец. Ведаў ужо пра мяне, цікава яму было пазнаёміцца. Як заўсёды ў такіх выпадках, распытваўся пра тое ды сёе: чым займаўся на волі, за што сядзіш, колькі сроку прывёз. Адказаў яму: чатыры з паловай гады.
“Харошы срок, – адказаў ён, – як раз можна зразумець, што тут і да чаго”.
Мне стала крыху ніякавата. Гэта ж добры кавалак жыцьця, думаў я сабе.
“А ў цябе колькі?” – спытаўся.
“Чатырнаццаць, – адказаў ён, – восем адсядзеў, яшчэ шэсьць наперадзе”.
Мабыць сапраўды, падумаў я – чатыры з паловай гады ў параўнаньні з чатырнаццацьцю – гэта “харошы срок”.
Чытайце таксама: I. Аюб і Натальля
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў