Фота Радыё Свабода На адрас журналіста-фрылансера Канстанціна Жукоўскага прыйшоў чарговы пратакол аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч.2 арт 22.9 КаАП ( (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пікантнасць сітуацыіі дадае той факт, што Жукоўскі яшчэ напрыканцы студзеня з’ехаў з Беларусі разам з сям’ёй і папрасіў прытулку ў адной з еўрапейскіх краін. У інтарэсах асабістай бяспекі краіну знаходжання уцякач пакуль не называе.

Пра чарговы пратакол у дачыненні да Жукоўскага паведаміў у сацыяльных сетках гомельскі журналіст Андрэй Толчын, які таксама атрымаў па пошце аналагічны пратакол з … Лунінца.

У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння, складзеным 5 лютага пазначана, што яшчэ 30  кастрычніка 2018 года Андрэй Толчын разам з Канстанцінам Жукоўскім "ажыццявіў інтэрв'юіраванне жыхара горада Лунінца і змясціў матэрыял на тэлеканале БелСАТ”.

“Падначаленым Шуневіча няма чым заняцца... З Берасцейскай вобласці, з Лунінца вось такое прывітанне... А потым кажуць, што няма ні пераследу, ні спісаў на пераслед. Аднак наяўнасць пратакола "другой свежасці" сведчыць іншае... Хіба не так?” – каментуе свій допіс у фэйсбуку Андрэй Толчын.

Крыніца: Радзіма нагадала пра сябе Канстанціну Жукоўскаму чарговым пратаколам Дакумент