Суддзя Аляксандр Петраш. Фота Сяргея Балая. Разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай пачынаецца 12 лютага ў памяшканні суду Маскоўскага раёна Мінска, хаця і судом Заводскага раёна. Такая сітуацыя паўстала з-за адсутнасці ў Заводскім судзе прасторнай залі для вядзення працэсу.

Марыну Золатаву вінавацяць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). Ёй можа пагражаць альбо вялікі  штраф, альбо пазбаўленне волі да 5 гадоў.

Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Справу Золатавай будзе весці суддзя Аляксандр Петраш, які неаднаразова выносіў палітычна матываваныя адміністрацыйныя пастановы вядомым палітыкам, грамадскім дзеячам і актывістам.

Нагадаем, што прозвішча суддзі Заводскага раёна Мінска Аляксандра Петраша ўнесена ў Рэестр асоб, якія маюць дачыненне да палітычна матываванага пераследу. Сярод тых, каго ён напрацягу апошніх пяці гадоў за ўдзел у акцыях пратэсту садзіў на суткі і караў рублём – Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Яўген Афнагель, Ніна Багінская, Максім Вінярскі, Павел Вінаградаў, Вячаслаў Касінераў, Алесь Макаеў і шмат іншых….

Улюбёныя артыкулы суддзі Аляксандра Петраша.

Крыніца: Справа Золатавай у руках суддзі Петраша. Хто ён такі?