Штогадовае шэсце прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці «Марш роўнасці» адбылося ў мінулую нядзелю, 18 чэрвеня, у Кіеве. За мерапрыемствам вялі незалежнае назіранне нацыянальныя назіральнікі з «ОЗОН», а таксама валанцёры Праваабарончага цэнтра «Вясна».
Колькасць удзельнікаў дазволенага мерапрыемства, якое праводзілася ў межах “КіеўПрайду-2017” ацэньвалася ў 2,5 тысяч чалавек, а забяспечвалі парадак пад час маршу 5,5 тысяч прадстаўнікоў розных сілавых структур.
Удзельніца грамадскага назірання Таццяна Мастыкіна, якая мае вопыт назірання за масавымі мерапрыемствамі ў Беларусі, паспрабавала ацаніць дзеянні арганізатараў маршу і праваахоўнікаў па бяспецы ўдзельнікаў шэсця прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці і параўнаць іх з беларускімі рэаліямі.
"Маршрут маршу быў вядомы загадзя, гэта палегчыла планаванне і распрацоўку стратэгіі незалежнага назірання. Усяго было 8 груп назіральнікаў, якія размеркаваліся па кропках, праз якія павінна была прайсці калона ўдзельнікаў.
Адразу зазначу, што нас прыемна ўразілі ўзровень арганізацыі працы прадстаўнікоў дзяржструктур Украіны, іх супрацоўніцтва з арганізатарамі мерапрыемства і выкананне імі непасрэдных абавязкаў.
Так, месца правядзеньня маршу было ачэплена і перакрыты задоўга да яго пачатку. (Для параўнання, у Беларусі перакрываюць вуліцы толькі пад час дзяржаўных шэсцяў, іншыя ж праходзяць па ходніках, дзе калону разрывае кожны святлафор па маршруце.)
Каля 9 раніцы ля пачатку маршруту удзельнікаў і гледачоў пачалі запускаць на тэрыторыю маршу. Натоўп не збіраўся каля ўваходу, паколькі была дастатковая колькасць кантрольных рамак і супрацоўнікаў. Дагляд праходзіў хутка, а работнікі паліцыі былі ветлівыя. Праваахоўнікі правяралі сумкі і кішэні на наяўнасць небяспечных прадметаў. Падчас праходжэння такіх кардонаў ў тых, хто верагодня з’яўляўся праціўнікам маршу былі канфіскаваныя балаклавы, яйкі, зялёнка і газавыя балончыкі. З пачаткам маршу, на тэрыторыю правядзення мерапрыемства спынілі пропуск людзей.
Праўда, яшчэ перад пачаткам маршу адбыўся інцыдэнт, дзе група людей – праціўнікаў маршу, адабрала ва удзельніка вясёлкавы сцяг. Супрацоўнікі паліцыі расцягнулі ўдзельнікаў канфлікту, аднак адабраны сцяг быў дэманстратыўна спалены. Ніхто з бакоў не пацярпеў. Пасля інцыдэнту прадстаўнікі паліцыі правялі прафілактычную гутарку з маладымі людзьмі, якія спалілі сцяг."
Затым з групай назіральнікаў Таццяна Мастыкіна вылучылася на свой пункт назірання, дзе ў назіральніцы заставаўся час, каб прайсціся і разгледзець ўсю падрыхтоўчую працу паліцыі і дзяржструктур Украіны. Роварная і пешая паліцыя, нацыянальная гвардыя, кінолагі, машыны хуткай дапамогі і пажарныя машыны – вось поўны набор для забеспячэння бяспекі мерапрыемства і прадухілення магчымых інцыдэнтаў.
“Дайшоўшы да свайго пункту назірання, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна, – мы чакалі калону ўдзельнікаў маршу. Затым мы заўважылі, што гатовыя да праходжання калоны супрацоўнікі паліцыі мяняюць дыслакацыю. Так нам стала вядома аб змене маршруту.
Толькі пазней я даведалася, што контрдэманстрантам удалося заблакаваць маршрут руху калоны: больш за 100 чалавек бесперапынна хадзілі па пешаходным пераходзе перакрыўшы ход маршу. Каб не дапусціць сутыкненняў быў зменены маршрут, а супрацоўнікі праваахоўных структур атачылі калону ўдзельнікаў “Марша роўнасці”, забяспечыўшы, такім чынам, рух прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці і іх прыхільнікаў ўнутры ачаплення. Таксама за калонай рухалася некалькі машын хуткай дапамогі, чаго, дарэчы, не ўбачыш у Беларусі.
Пасля таго, як удзельнікі маршу скончылі шэсце, частка з іх з'ехала на аўтобусах, спецыяльна падрыхтаваных для іх бяспекі, а іншая частка з'ехала на спецыяльна арганізаваных электрычках метро, якія працавалі толькі для ўдзельнікаў маршу. Мяне парадавала пастаянная камунікацыя супрацоўнікаў праваахоўных органаў з грамадскасцю і іх адкрытасць.
Пасля заканчэння шэсця паліцыя заставалася на месцах яшчэ на працягу двух гадзін. Яшчэ пазней супрацоўнікі камунальных службаў сталі прыбіраць агароджу і адмысловыя рамкі.
Пацярпелых на “Маршы роўнасці” не было”.
Словы назіральніцы яскрава ілюструе і прамая трансляцыя з сайта кіеўскай паліцыі.
Таццяна Мастыкіна найперш адзначае як станоўчую практыку максімальнае забеспячэнне бяспекі для ўсіх тых, хто прыйшоў на мерапрыемства, а таксама прадуманасць шляхоў адыходу удзельнікаў.
Пад час маршу праваахоўнікі затрымалі толькі шэсць чалавек, якія спрабавалі прарваць кардон паліцыі. Іх даставілі ў паліцэйскі ўчастак, каб высветліць іх дадзеныя і даць прававую кваліфікацыю дзеянняў. Назіральніца паведаміла таксама пра прапарцыянальнасць і суразмернасць прынятых паліцыяй мер у адносінах да праціўнікаў маршу.
Крыніца: Назіральніцу з Беларусі прыемна ўразілі дзеянні кіеўскай паліцыі пад час «Маршу роўнасці»