Наталля Стрэльчанка, сябра партыі АГП, незадаволеная вынікамі праверкі Следчага камітэту ў дачыненні да міліцыянтаў, якія перашкодзілі ёй трапіць у Мінск на святкаванне 100-годдзе БНР, піша "Радыё Свабода".
Скаргу на дзеянні Дубровенскага падраздзялення Следчага камітэту яна падала ў раённы суд. Наталля Стрэльчанка патрабуе, каб суд абавязаў следчых правесці больш грунтоўную праверку інцыдэнту, які адбыўся 25 сакавіка 2018 г.
Наталля лічыць, што яе не толькі беспадстаўна затрымалі паводле няіснай прычыны і ўтрымлівалі ў пастарунку больш як 3 гадзіны, але і абразілі: падчас асабістага вобшуку міліцыянты загадалі ёй распрануцца і здымалі гэты працэс на відэа.
Грамадская актывістка з Дуброўны Наталля Стрэльчанка 25 сакавіка 2018 г. а 6-20 ранку была затрымана супрацоўнікамі РАУС на вуліцы горада. У гэты час яна ішла на грамадскі транспарт, каб накіравацца на святкаванне Дня волі ў Мінск.
Як пазней высветлілася, нейкі грамадзянін К. увечары мінулага дня падаў заяву ў РАУС пра тое, што, магчыма (!), Наталля Стрэльчанка распаўсюджвае ў адносінах да яго “паклёпніцкія чуткі”.
Відавочна, зранку 25 сакавіка 2018 за Наталляй было арганізавана сачэнне, бо начальству РАУСа, як толькі яна выйшла з дому, “паступіла інфармацыя”, што яна ідзе па вуліцы. Ну і гэта навіна так узрадавала, што вырашылі аператыўна, амаль з 6 гадзін ранку распачаць “адміністрацыйны працэс”.
Самой жа Наталлі Стрэльчанка здымаць падзеі ў міліцыі было забаронена, бо «гэта рэжымны аб’ект». Ейны пратэст супраць гэтага быў кваліфікаваны як непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, і на яе быў накладзены штраф памерам 8 базавых велічынь — у дзень суду 30 сакавіка 2018 году гэтая сума складала 196 рублёў.
Іншых парушэнняў супрацоўнікі міліцыі не зафіксавалі, прычыну затрымання — нібыта заяву ад раённага чыноўніка за паклёп — больш не згадвалі. У тым, што жанчыну, якая адна выхоўвае дваіх малалетніх дзяцей, пасля затрымання і допыту на ноч змясцілі ў ІЧУ, начальнік мясцовай міліцыі парушэнняў не ўбачыў. Не знайшлі ніякіх парушэнняў і супрацоўнікі СК, якія праводзілі праверку паводле заяваў Наталлі Стрэльчанкі.
Калі Дубровенскі раённы суд не падтрымае яе пазыцыю і не абавяжа следчых правесці больш грунтоўную праверку, актывістка хоча звярнуцца па абарону ў Камітэт ААН па правах чалавека.