Міжнародная канферэнцыя “Вырашэнне праблем забруджвання паветра г. Наваполацка: маніторынг, інавацыі, удзел грамадскасці” прайшла ў апошнія дні студзеня ў Наваполацку.
Аўтарытэтны эксперт з Украіны Аляксей Васілюк з арганізацыі «Экалогія - Правы чалавека» распавёў аб міжнародных механізмах абароны правоў на чыстае навакольнае асяроддзе - праз падпісаныя Рэспублікай Беларусь міжнародныя пагадненні ў галіне экалогіі.
Праваабаронца Зміцер Салаўёў прадставіў дадзеныя па выкідах у паветра наваполацкіх заводаў “Палімір” і “Нафтан», якія атрымалася атрымаць ад канцэрну «Белнафтахім» пасля збору подпісаў пад петыцыяй, абскаржвання адмоў у прадастаўленні інфармацыі з боку ААТ «Нафтан» і Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя.
Нагадаем, ААТ «Нафтан» выкінуў у паветра у 2017 годдзе 34 найменні шкодных рэчываў агульнай колькасцю 49385,154 тонны, сярод іх такія страшныя атрутныя рэчывы як сінільная кіслата - 11,083 тонны. Канцэрн Белнафтахім абяцае да 2022 году правесьці 33 прыродаахоўчых мерапрыемствы і скараціць выкіды забруджвальных рэчываў у паветра на 30%.
Пад час абмеркавання удзельнікі канферэнцыі прыйшлі да высновы, што варта працягнуць захады па маніторынгу сітуацыі з выкідамі і ажыццяўляць грамадскі маніторынг выканання прыродаахоўчых мерапрыемстваў.
Ірына Усава з ПРААН прадставіла дадзеныя пра рэалізацыю праекта «Зялёныя гарады» ў межах якога ажыццяўляецца распрацоўка канцэпцыі рэформы гарадскога транспарту Наваполацка і Полацка дзеля змяншэння шкодных выкідаў у паветра. Прысутныя грамадскія актывісты адзначылі, што у далейшым пры выкананні праекта «Зялёныя гарады» варта забяспечыць больш магчымасцяў дзеля удзелу грамадскасці ў абмеркаванні пытанняў, датычных права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
Актывістка са Светлагорску Алена Маслюкова падзялілася вопытам змагання за змяншэнне выкідаў са Светлагорскага Цэлюлозна кардоннага камбінату.
А вось прадстаўнікі ААТ «Нафтан» і Міністэрства прыроды (у тым ліку Міжраённай інспекцыі аховы прыроднага асяроддзя), якіх таксама запрашалі да ўдзелу ў канферэнцыю, ад удзелу адмовіліся.
Крыніца: "Наваполацк – за чыстае паветра!” Пра што казалі эксперты?